epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"О мой цудоўны край..."

О мой цудоўны край,

Мой заснежаны рай...

Ціхі званочкаў смех.

Снег у лесе начным,

Смех у садзе пустым,

Коней спакойны бег.

Штосьці часцей і часцей

Сню я, што шэрань цвіце,

Падае з чорных сукоў

што з табою ўдваіх

Еду між дрэваў начных

Госцем да сваякоў.

Плечы твае абняў.

Роўная рысь каня.

Лес радзейшым стае.

Шэрань заткала бары,

Скроні мае серабрыць,

Беліць вейкі твае.

Бачу сялібу ў садах,

Бачу загурблены дах,

Нізкі, натоплены дом.

Хутка між яблынь густых

Будзеш смяяцца і ты.

Бачыш? Страчаюць з агнём.

Вязкі цыбулі вісяць.

Скварыцца каўбаса,

Водар смалы, сасны.

Дроваў адталы дух.

Печка.

Калматы кажух.

Сны.




Беларуская Палічка: http://knihi.com