epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"О вясна! Таполі! Свеце мілы!.."

О вясна! Таполі! Свеце мілы!

Сонца німб! Аблокі! Сад! Рака!

Залатая падаплёка крылаў

Маладога звонкага шпака!

Вечар зацяпліў бярозак свечы.

Я адзін. Ты не памёрла, не.

Мой забыты, мой апошні светач,

Ты ў чужым акне, а не ў труне.

Як магла застацца ты ў кайданах?

Як магла адмовіцца пайсці

Да палян, дзе месяц закаханы

Песні «сноў» блакітныя ўзрасціў?

Пэўна, я турму не здолеў тую

Гнеўнаю пагардай скалануць,

Дзе цябе цалуюць, як катуюць,

І ўладарна лашчаць, быццам б’юць.

Вей тваіх, плячэй тваіх пахілых

Болей не кране мая рука...

Над сусветам залатыя крылы

Маладога звонкага шпака.

Клічуць лебедзі ў начы вясенняй,

Кідаючы поўдзень салаўям,

І разліў шырокі, як натхненне,

Як любоў забытая мая.

І няма ў душы маёй праклёнаў,

І няма на веях цяжкіх слёз..

Заставайся ў клетцы залачонай —

Ты сама абрала гэты лёс.

Над кахання нашага магілай,

Што загубіцца ў былых вяках,

Залатая падаплёка крылаў

Маладога звонкага шпака.




Беларуская Палічка: http://knihi.com