epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Орша

Яна не блішчыць красою,

А ў сэрца навек запала

З паркам сваім змарнелым,

З сваёй Кабыляцкай гарой,

З лянівай сястрой Аршыцай,

Што летам бруіцца памалу

Ў шырокі, як песня наша,

Магутны, сівы Дняпро.

 

Хаткі, што да абрыву,

Як ластавак гнёзды, туляцца —

Родныя і дарагія,

Як поціск сяброўскай рукі;

Брук, размыты дажджамі,

Пыльныя ўскраін вуліцы,

Куродым на сценах будынкаў,

Дальнія цягнікі.

 

Далёка яна ад мяне,

Адзіная і дарагая,

У чорных істужках чыгунак,

Што ўсю яе абвілі,

З народам сваім, што у бітвах

Ніколі не памірае:

Заслонава слава звоніць

На ўсіх перагонах зямлі.

 

Калісьці... Было і такое...

Хацелі пазбавіць крылляў...

Быдлам нас называлі,

А ўсё ж такі мы былі

Нязломнымі ў чорнай бядоце,

Гордымі і ў бяссіллі,

Бо род наш быў пралетарскі,

А рукі — у чорным вуглі.

 

Мы паціскалі плячыма,

Калі нам з пагардай казалі,

Жадаючы ў час вясёлы

Рабочы наш род абсмяяць:

«Знаёмяцца ў вас на вапне,

На вапне вы нараджаліся,

Вапна усіх вас карміла,

У вапне вам і ляжаць».

 

Паслухайце: наш ён, наш горад,

Няхай і суровы часам,—

Працоўнае гордае права

Здабыў у цяжкой барацьбе,

Гэта наш родны горад,

Яму не патрэбны прыкрасы,

Ён сам для сябе прыкраса

І гордасць — сам для сябе.

 

Мы цягнікі вадзілі,

Палотны на фабрыках ткалі,

Лес магутны валілі

І ўмелі плавіць метал,

У цёмных каменяломнях

Белы вапняк ламалі,

Гліну і торф здабывалі,—

Гарачы у нас запал!

 

Як толькі цёмнаю ноччу

Вочы свае закрываю,

Адразу я Оршу бачу

З яе няяркай красой,

З бярозамі над Аршыцай,

З вясёлым сонейкам мая,

З блакітам першых пралесак

У косах каханай маёй.

 

Тут нарадзіліся думкі,

Воля, імкненні, жаданні,

Тут стаў я сынам краіны,

Абпален яе агнём...

Таму і люблю я Оршу

Першым вялікім каханнем,

Якое не знікне, пэўна,

Нават з маім жыццём.


28.12.1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан