epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Па-над шчыраю Шчарай, над шчодраю Шчарай..."

Міколу Грынчыку

Па-над шчыраю Шчарай, над шчодраю Шчарай,

Па-над плынню чырвонай і рыжай травой

Плачуць чорныя цені на фоне пажару,

Моляць кані аб кроплі вады дажджавой.

Майскі дзень, засынаючы, сніць аб світанні,

І ў цішы, чорным ценем на стужцы зары,

Моляць белыя, белыя, белыя кані,

Плачам думаюць з небам сябе памірыць.

І плыўкі нашы ў зарыва адплываюць,

І ў імгле, той, што скончыцца ўсё-такі днём,

Верыць можна ў зару і святло, што чакаюць

Нават там, за апошнім дубовым крыжом.

Можна верыць. А жыць? Як там жыці, о дружа,

Калі ведаць і там, што бяжыць збажына,

Што барвее на поплыве дзікая ружа,

Шчара плешча — без нас, кані плачуць — без нас?

Не! О не! Збыць анёльства і стаць чалавекам,

Доўга, цяжка пакутваць пакутай жывых,—

Толькі б майскай часінай давеку, давеку

Над вячэрняю Шчарай цвілі паплавы.

Сыты быў бы, здаецца, паветрам духмяным,

А п’яны — ад празрыстай расінкі адной,

І любіў бы, і вымаліў людзям і каням

Дараванне, світанне, любоў і спакой.




Беларуская Палічка: http://knihi.com