epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Падмогі!

Хай заб’юся — не збочу з дарогі.

Аб граніт падковы звіняць.

На ўнамёт распластаныя ногі

Пена падае з храпы каня.

З не майго, з непатрэбнага раю

У родны край, дзе змагаўся, дзе быў,

Я імчуся, бо там адбіраюць

Усё святое, што знаў і любіў.

Цераз бурыя гораў цясніны,

Дзе ваўчыныя крочаць агні,—

На палынны стэп, на раўніну,

Дзе вось-вось закрычыць цягнік.

Загалосіць, заплача ў трывозе,

Пабяжыць да забытых дубоў,

Бо цябе ў белы свет завозяць.

Бо сказалі: забыў я любоў.

О, не вер! Хай агонь не згасае!

Азары ім дарогу мячу!

Я з табой! Ты мой боль! Я кахаю!

Меч са мной! Я скачу. Я скачу,

Ўспамінаючы песню былога,

Як песню сённяшніх дзён:

«Каханне на ложку ў другога...

Рві жылы, мой белы конь».


май 1967; 04.07.1967

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая