epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Паэма пра явар і каліну

Трубяць трубы ў Гародні,

Прагнуць мячы крыві...

 

Збірае войска магутнае

Князь Гародні — Давід:

— Абрыдлі зямлі нашай крыкі,

Крыжакаў расціснем у блін!

Хадзем, зямля Беларуская,

Хадзем вайною вялікай!

Хадзем,

Народ

беларускі,

На Мар’енбург і Берлін!!!

Досыць ім нашага раю!

Не дазволім нас болей крануць!!!

Конь басуе, іграе,

Зямлю капытамі крае,

Зоры вачыма лічыць,

Вушамі — чуе вайну.

 

Збіраюцца тысячы вояў.

І Яну трэба ісці...

Латы светлыя, добрая зброя —

Што яшчэ патрэбна ў жыцці?!

 

А нічога! Хіба што праклёны,

Ды яшчэ каб даўжэй пражыць.

Бязлітаснай чорнай варонай

На ганку маці стаіць:

 

— Ян!

Запомні!

Немцы

І прусы...

(А як прыйдуць, то зноў заб’юць)...

У няроўным баі яны мову душылі,

У няроўным баі твайго бацьку забілі

І зямлю спалілі тваю.

І прусы —

Няхай пад прымусам

(Кляты, рабскі народ!)

Зрабілі табе,

беларусу,

Найгоршую з горшых шкод.

Яны спалілі Айчыну.

І ты з імі тое ж зрабі.

Дзіця...

Старога...

Жанчыну...

Дань не бяры...

Забі!!!

 

О вялікая, лютая сеча!

(Што каму да жаночых слёз?)

Над поплавам мокрым пад вечар

Пыл стаяў да нябёс.

 

Мужчыны забітыя...

 

Прусак

і нямкінь

у распетлях вялі...

Край загінуў.

І зáмкі іхнія,

І палацы дымам пайшлі.

 

Зáмкі — хай...

 

А нашто ле адрыны?..

Трубы вояў плачуць наўзрыд.

 

Паміж яварам і калінай

Сядзіць Вялікі Давід.

Вакол — вялізная світа

І ні лапічка свежай травы.

І латы яго — пабітыя,

І на твары — дым баявы:

 

— Яне! Прасі чаго можаш!

Ты ў ворага славу адняў,

Ты прабіўся праз строй варожы,

Ты — магістра зваліў з каня.

Ты —

Зламіў таму быдлу шыю,

То прасі хоць свет у мяне...

 

— Княжа... Мне паланянку...

Марыю...

Яна... пакахала мяне.

 

— Хочаш — золата колькі важыш?

Ці бурштынаў,

каб аж скамянець?

 

— Княжа... Мне паланянку...

Марыю...

Яна... пакахала мяне.

 

— Хлопча!!! Аб’еўся блёкату!?!

Немец з прусам кроў нашу п’е...

Яна пруска! Балтка! Рабыня!

 

— Княжа, я кахаю яе.

 

— Д-добра, бяры яе ў жонкі,—

Ўсё ж паправа для нашых ніў.

 

І адсек ён галіну явару,

І каліны цвет абламіў.

— Бяры, калі так кахаеш...

 

Чагосьці я добры цяпер?

Толькі ведай: такое — навекі.

Кінеш — то лепей бы ўмер.

Кахай да апошняга ўздыху,

Кахай да ліхога канца.

Толькі вось што...

Хочаш не хочаш,

А матцы дашлі ганца.

Бо яшчэ прыпасе табе вілы,

Бо яшчэ глядзіш — і канец!..

 

На апошніх канёвых жылах

У двор уварваўся ганец.

 

— Пруска?!? Яны пад прымусам

(Кляты, рабскі народ!)

Зрабілі нам, беларусам,

Найгоршыя з горшых шкод.

І няхай яны знікнуць знічкаю...

І няхай...

 

І тады яна

Атруту, чорны дурнічнік

Распусціла ў чашы віна.

 

Ян вёз,

Асцярожна трымаючы

Пад грудзі магутнай рукой.

Конь ступаў, нібы нёс паміраючым

Чашу з крынічнай вадой.

 

Прыскакалі.

Вояў калона

Па шляху паўзе, як ніць...

На гульбішчы чорнай варонай

Няўмольная маці стаіць.

А яны — як светлая мара,

А яны — як вясны яснацвет.

На кальчузе — галінка явару,

На шнуроўцы — калінавы цвет.

 

— Маці, я дужа кахаю.

Гэта вечная радасць мая.

Палюбі, як неба кахаеш,

Палюбі, як кахаю я.

У нянавісці — неба згарае,

Пасвіць воўк чараду авец.

 

Конь басуе... іграе...

Зямлю капытамі крае,

Зоры вачыма лічыць,

Чуе вушамі —

канец.

 

— Піце на хмель і на руту,

Піце, дзеці мае.

(Падае Марыі атруту,

Яну — віно падае.)

— Тут твой дом, бузіна ля парога,

Тут прабабкі часалі руно...

 

Проста каню пад ногі

Сын вылівае віно.

 

— Марыя! Віно, і світанне,

І апошні смяротны ўздых,

І шчасце адно, і каханне.

 

Пі палову майго кахання.

Астатняе я...

Каханне.

І сонца адно нам, Каханне,

І Зямля адна на дваіх.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

І... зямля... адна на дваіх.

 

Не паспелі спахапіцца другі,

Маці вей не паспела ўзняць:

Ледзь паспелі схапіць яго слугі,

Калі ён

валіўся з каня.

 

Скамянела маці:

— Што ж, людзі.

Гэта лёс.

Падрыхтуйце ім дом

Ля царквы.

Дзеля Яна —

пад правым.

Дзеля дзеўкі —

пад левым крылом.

Вінен сам.

Забыўся, ануча,

Пад чыёй рукою ляглі

Бацька,

друзі,

браты,

таварышы

На праклятай,

На спаленай гэтай зямлі.

 

І хай вам не будзе агульным

Ані жыта, ні сінь ільноў,

І ложак не будзе агульным,

І зямля вам не будзе адной.

. . . . . . . . . . . . . . . . .

 

На магіле Марыі каліна

Ў кроплях вясёлкавых слёз,

А на магіле сына

Явар магутны ўзрос.

 

Дні ішлі... А дрэвы віліся

Паміж тысячаў дрэў жывых,

І галінамі моцна спляліся

Над страхой заімшэлай царквы.

 

Данеслі.

І маці з’явілася,

І вочы ёй плач спапяліў:

 

— Пэўна дзесь мае дзеці

Ў вялікім каханні жылі.

Жылі, жылі, весяліліся,

Шумелі вясной маладой...

Цераз царкву сашчапіліся.

 

Божа!!!

Божа ты мой!!!

 

Што казаць аб магіле трэцяй?!

Мала тых магіл на зямлі?!

 

Але разам — праз храмы,

Войны,

Дзяржавы,

Наветы,

Праз нянавісць —

Галіны яны сплялі.

 

І канец паэмы журботнай,

Так журботнай, што плача сусвет

Пра магутны і горды явар.

Пра каліны ласкавы цвет.


19.08.1976

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан