epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Памяць

На чашніцкай зямлі бярозы і дубкі,

У чашніцкай зямлі — французскія штыкі.

Іржавых ядзер круглыя галовы

У разор выкідвае нарог суровы.

 

Тут сталі у дванаццатым сцяной,

Каб не прайшоў на поўнач Удзіно,

Салдат штыком і партызан сякерай

Тут затрымалі яраснага звера.

 

І спачываюць ад жыццёвых бур.

Тут быў уратаваны Пецярбург.

Палацы неўскія не запалалі,

Таму што тут крыві не шкадавалі.

 

Самаахвярна людзі збераглі

На гэтым полі — Марсавы палі,

Пахмурных сфінксаў, што ў тумане млеюць,

Юнацтва Пушкіна у ліпавых алеях,

Канаўкі Зімняй сонны супакой,

Палёт Пятра над гордаю ракой.

 

[1960 г. ?]


1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан