epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Пан тванны, шляхціц багняны

Балота! Качкарнік пакрыты рудай сухой травою, а паміж ім чарнее масляністая вада. Крапае дробны, дужа цёплы дожджык, і грэюцца пад ім жабкі. Тырчыць па ўскраі калючая асака, жорсткі белавус, сітняг. Жабак ніхто не пудзіць, і яны нават крэкчуць ад задавальнення.

Але што гэта? Закалыхалася ў адным месцы асака і высунулася стуль хітрая мордачка. Вусны яе смяюцца, нос піпкаю і пад ілбом задзірыстыя рожкі. Гэта балотны чорцік. Ускочыў на купіну, рукі ў бокі.

- Ану, жабкі, хто я такі?

Адна маладая, не бачыўшая свету жабка кажа:

- Чорцік балотны.

- Зноў за сваё, - абурыўся той. - Я гэтаму балоту вялікі гасудар, і вы павінны мне павагу выказваць. Тытул мой поўны ведаеце? Забылі, гады падкалодныя! Паўтарайце за мною: цар балотны, вялікі князь німярэчны, князь межыточны, магнат тванны, шляхціц багняны, альховы і сітняговы, кароль вужыны і водаблышыны, усіх вялікіх, малых і белых пацукоў уладар.

Складна прыдумаў, але жабкам гэта ўсё запомніць нельга; у іх мозаку амаль няма. Супыняюцца, блытаюцца. Раззлаваўся тыран, схапіў адну жабку, уставіў сцябліну ёй і пачаў дзьмухаць без суда і следства. Тая ўжо зусім як барабан зрабілася. Жабкі трывалі, трывалі, а потым пачалі бясчынствуючага гасудара лупіць.

Зароў той, пакінуў жабкам палову хваста і ўцёк зноў у асаку. Запароўся глыбей, сеў і пачаў слёзы махнатым кулаком выціраць.

Па справах і пакуты!

 


1952?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая