epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Патоп (Старажытны беларускі апокрыф)

І дзень прыйшоў. І пацьмянела сонца.

Распаўся час. І неба цёмным скруткам

Ўзвілося над зямлёй. І лінуў дождж,

Як быццам сто гадоў збірала неба

Ваду дажджоў, азёр і рэчак ціхіх,

Ваду, што выссалі вясёлкі з лужын,

Ваду пралітых чалавечых слёз,

Слёз горкіх маці, светлых слёз дзіцячых,

Крывавых слёз рабоў і брудных панскіх слёз...

О плачце, плачце, узрыдайце, людзі,

Не спамышляйце на сваё бяссмерце:

Апошні жывяцё вы ў свеце час!

І дождж лупіў. І зранку цэлы дзень

Трубілі сурмы праз смугу туманаў,

І здраднікі хаваліся ў каўчэгах,

Якія заліваў сіберны дождж.

Вада пакрыла роўныя мясціны

І коміны халуп і ўсе палацы.

Раўлі шалёныя сівыя хвалі,

Раздзёршы ветразі тугія ў лоск.

І людзі ўгору узнімалі рукі

Ў чаўнах, што ймчалі па гарбатых хвалях,

Ранімыя вятрамі і агнём.

Краіна гінула. Як гул ад хваль

Роў дзікі голас над вадой пустою:

«Апошнія пачуйце словы, людзі,

Пакуль вам вушы не залье вадою.

Я знішчу свет, я знішчу чалавека.

Апрыкрылі і добрыя, бо хочуць

Дабрэйшымі зрабіцца за мяне.

Ім не спяваць сваіх найлепшых спеваў,

Бо я зжару ўсю земляную твар.

Маўчы! Ты захлынешся, чалавек!!!»

Адверзліся на чорным небе хлябі.

Два месяцы лілі дажджы з нябёсаў,

Вада глытала горы, і на іх

Жывымі гронамі віселі людзі

І часам адрываліся ў ваду.

Мядзведзь стаяў з слабым аленем поруч,

Змяя паўзла вышэй ад рудых хваль.

Адзін таўстун штурхаў у вір другога,

На плечы сыну лез шалёна скнара,

Трымаючы ў руках кашэль з грашыма,

І біў нагамі па руках сыноўіх,

Якія ўсё жадалі ратавацца,

Схапіць таго, хто некалі стварыў

(Што ж, і змяя паруецца вясною).

Танулі тыя, што на спінах люда

Рукамі простых горда узнясліся,

Зракліся маці, зводнямі жылі,

Лягчалі думку за адзін дынарый,

За жыватом не бачылі каленяў.

Цары, уладары і каралі,

Што так крычалі пра краіны гонар,

Што здольныя былі душыць суседа,

Забараняць яму жыццё і песню

Для гонару «народа-ўладара»,

Цяпер бы гэты гонар аддалі

За мейсца для сваёй стапы адзінай

І ў зад бы гандляра пацалавалі

За літасць гэткую. Дзяржаўны муж,

Што да сябе прыкуў калісьці брата

І ўсё казаў: «Мой брат — мой раб» —

той зараз

(Як і заўсёды ў грозныя часы,

Часы вайны, навалы ці патопу),

Ланцуг адсек і наглядаў, як брат

Пускае бурбалкі ў вадзе глыбокай.

І ўсе кусаліся, штурхалі, лезлі,

Хапалі за раскошныя хітоны,

І падалі ў ваду, ў ваду, ў ваду

І не маглі ўцячы.

Пахмуры дзень

Нарэшце завязаўся над вадою.

Вакол вада — ні вострава, ні дрэва,—

Ўсё жудасная гладзь і далячынь.

На пятачку апошнім цвёрдай сушы

Суровы чалавек з дзіцячым тварам,

З рукамі грубымі, ўзняў галаву

І стомлена сказаў: «Дзень добры, сонца».

Фантанчыкамі плёскала вада

Спачатку каля ног, пасля ў калені...

І чалавек падняў на рукі нешта,—

Апошняе святое,— цела любай,

Пацалаваўшы непрытомны твар.

Над галавою ўзнёс. Вышэй! Вышэй!

(А хвалі подла стукаюць у грудзі.)

«Каханая! Аддам жыццё за крылы,

Якія б узняслі цябе наверх».

Халодны, стрыманы адбітак сонца

Упаў на грудзі, любы твар і лона.

А ён стаіць. Не здрыгануцца рукі,

Узняўшы ў неба дарагі цяжар.

Ён з радасцю трымаў бы зараз многіх,

Братоў, і маці, і такіх, як ён,

Прыгнечаных работай і вясёлых.

Але няхай хаця яна: «Пяшчотка!

Жыві, жыві, жыві пакуль магчыма,

Падыхай трошкі, пакуль я не знікну,

Пакуль жыве апошні чалавек.

Што вы мне зробіце сваім патопам?

Узяць каханую? Яна са мною.

Узяць Радзіму? Не, яна жыве

Пакуль жыве апошні сын Радзімы.

Узяць жыццё? Як бог я бессмяротны,

Я сонца над вадою уздымаю,

І мной жыве і будзе жыць зямля.

О як пацалаваць каханай вусны,

Калі мае знікаюць пад вадой!»

 

. . . . . . . . .

 

Стары апокрыф. Гэта толькі казка.

І ўсё-такі я выракуся тых,

Што плакалі ў каўчэгах. Я з табою,

Слабы, бездапаможны, як дзіцёнак,

Магутны, як ніхто на белым свеце,

Любімы мой, прыгожы звер двуногі,

Мой чалавек.

 

[1956 г. ?]




Беларуская Палічка: http://knihi.com