epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Паўлюк Багрым

ПАЎЛЮК БАГРЫМ1

 

На гасцінцах бярозы

Зусім пачарнелі ад ветру.

Дзіч і глуш безнадзейная,

Бураломныя хвояў кражы,

На лясным раздарожжы

Капліца прыткнулася ў нетрах,

І Хрыстос сем стагоддзяў

Вісіць на пахілым крыжы.

 

Праз акенца сляпое

Шэры дожджык глядзіцца у хату,

У якой дагарае,

Бы ў небе асеннім зара,

Непатрэбная старасць

Адстаўнога паўстанца-салдата,

Невядомага генія,

Беларускага песняра.

 

Дагарае жыццё.

Хто на ўлонне старому прытуліцца?

Ні дзяцей, ні нашчадкаў,

Даўно праляцела вясна,

Прагрымела паўстаннем,

Прайшла праз зялёную вуліцу,

Згасла ў цяжкай салдатчыне...

Мусіць у рабстве сканаць.

 

Мог бы славай грымець

Сярод годных паэтаў Еўропы,—

Гвалтам спуталі ногі,

Трымалі ўвесь час за руку.

Што пакіне ён?

Вершык у памяці хлопаў,

Кандэлябру у касцёле

Ды кроў на гаручым пяску.

 

А ў краіне так цяжка

(Асіны ад ганьбы палаюць),

І над ёй фанабэрыцца

П’яны, разбэшчаны гун.

Як пры князю Ўсяславе —

Дзень вялікі, а луста малая.

Як пры князю Ягайле —

На кожную спіну бізун.

 

Абжыраюць удоў,

П’юць з гарэлкай сірочыя слёзы,

Тлустым задам расселіся

На паднявольнай зямлі,

На шлагбаумы мёртвыя

Пассякалі жывыя бярозы,

На шпіцрутэны гнуткія

Запаветныя вербы звялі.

 

Беларусь мая, сонца,

Дарагая і родная маці!

На якіх раздарожжах

Згубіла ты шчасце сваё?

Ці удасца хоць дзецям

Шчаслівага дня дачакаці

Пасля мужнасці гэткай,

Пасля столькіх крывавых баёў?

 

Цень паўстання народнага,

Дзень светлай волі Крашына!

Я таксама пакутваў

За гэту зямную юдоль...

О, чаму ты, кажан,

Не крануў мяне ў годы дзяцінства,

Каб не вырасла сэрца,

Каб вочы не бачылі боль?

 

Мы чакалі свабоды,

І касілі нас кулямі роты,

Ў ланцугі нас кавалі,

Каб пад палкай нам быў карачун.

Узялі мае вершы,

Ўзялі маіх дзетак гаротных.

Вершы, бедныя вершы

Пад чырванню сургучу!

 

Край сагнуўся ў спіне,

Край баіцца размовы пра волю,

Край згубіў сваю мову

І матчынай песні напеў...

Нельга верыць у бога,

Калі ён такое дазволіў.

Цяжка верыць у люд свой,

Калі ён такое сцярпеў.

І няўжо не ўваскрэсне

Забытая родная мова

Не на тое, каб енчыць,

А каб крыкнуць да ўсіх на зямлі:

«Ўстаньце, хлопы, да зброі!

Ліце кроў для вялікай любові,

Каб на гэтай крыві

Небывалыя кветкі ўзраслі!»

 

Не учуем адказу,

Усё больш нахіляюцца хаты,

Ўсе маўчаць ад пялёнак:

Мужыкі, дзецюкі і дзяды...

Пройдзе некалькі месяцаў —

Прах самотны старога салдата

Хапатліва знясуць

На глухія, старыя клады.

О, як хочацца волі!

Жаданая воля, ты чуеш?

Асвяці мне усмешкай

Апошнія дні у жыцці.

Ты маўчыш?

Ты не чуеш?

Можа, ў дзень, калі ты запануеш,

Верас будзе стагоддзі

З разбітага сэрца расці.

 

Беларусь,

прачынайся!

Я цябе абуджаю!

Ты павінна прачнуцца,

Не праспі сваё шчасце ўначы,

Я гукаю цябе,

Дарагая, святая!

Адкажы ж, мая родная,

Не маўчы!..

Паміраю і веру:

Калісьці над светлымі водамі,

Над свабоднай зямлёю

І над Белаю Руссю маёй

Шчасце сонцам заззяе,

І слова нашчадка свабоднага

Мае раны загоіць

Гаючай жывою вадой.

1 Славуты беларускі пясняр XIX стагоддзя,

які ўдзельнічаў у Крошынскім паўстанні

1828 г., правёў дваццаць пяць год у салдатчыне

і дажываў свой век у адзіноце.


1954-1958?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан