epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Песня колаў

І
II
ІІІ
IV


І

Кожны раз, як дамоў ад’язджаю,

Еду я міма дома твайго...

Ноч, як лёс, дамам пагражае

Цёмнай злівай, слатой, тугой.

Ў неба іскры ўзлятаюць, як слёзы,

І, калі мой цягнік закрычыць.

Застаешся ты з ноччу і з лёсам

На чужым, непатрэбным плячы.

 

II

Прасціны твае, бы ў калючай асве,

Клубіцца скупы цыгарэтны дым...

А я табе прапаноўваў свет,

Цэлы свет у сэрцы маім.

Вольны вецер і песні палян... палян...

Неба ў маю... Неба ў маю...

Кахання майго акіян... акіян...

Сонца і душу... Душу маю...

Мне — як табе, пустэчу хапаць.

У начах маіх золь і драма.

І ёсць дзесяткі, з кім можна спаць,

Прасыпацца — ніводнай няма.

І знічкаю падае сэрца ў палі

І ў агні згарае на тло:

Прынцэсы былі, царыцы былі,—

Папялушкі адной не было.

Хутары сумней у палях і сумней...

Спускаюся ў цемру, нібы вадалаз...

Прадала, прадала, прадала ты мяне,

Прадала, галавой аддала.

На спакой змяняла крылаў стралу,

Катула — на месікаслоў,

На смецце — гордае золата дум,

На даброты — музыку слоў.

 

ІІІ

А ён не даў табе і таго...

Лёс аднолькава нас адзначаў,

Але Муж — не той, хто не знаў батагоў,

А той, хто пад імі маўчаў.

Па валах, што туды і сюды бягуць,

Ён імя, як ветразь, насіў.

Вучыў, перавучваў, як чосу дадуць,

Зноў вучыў, даравання прасіў.

У Каносу бег за сабачай гайнёй,

Без шапкі стаяў ля брам,

Каяўся перад кожнай свіннёй,

Плакаўся ў корчмах сябрам.

Заклаў радзіму, Еўропу, род,

Вучняў, шэфаў, Дэга, Курбе,

Мастацтва, сяброў, Пікаса, народ

І цябе... Ты чуеш? Цябе.

Багаццем якім ён табе напыліў?

Што прынёс ён табе у дом?

Дзе імя, у якое ніхто на зямлі

Не насмеліцца кінуць багном?

Душы родныя дзе? Ўцяклі і яны.

І адна ты ў зброднай глушы,

У мурашніку аднадумцаў дурных,

Дзе ніводнай роднай душы.

Хто яны, што праспалі жыццё і бой,

Людцы гэтыя, гэты гной,

Што калісьці табой гандлявалі і мной,

А сягоння — адною табой?!

Ад шчаўчка пігмея лятуць тарчма,

Паўзуны, бяскрылае зло,

Накіп людская, свінушнік, карчма,

Эстэцкіх гадзін кубло.

Што ж цяпер за здраду будзе з табой?

Не магу і ўявіць сабе,

Як ён хрупне пад Этнай пагарды людской,

Твой слабенькі, танюткі хрыбет.

І ў імя таго, што на цвердзі зямной

Кветкі ёсць, і любоў, і трава,—

Вы... даруйце за подласць жанчыне дурной,

Даруйце...

Як я дараваў.

 

IV

Колаў стук. І надзея. І горыч.

І ў начы гэтай золкай, глухой

Ты не спіш з маім ворагам поруч,

Як не сплю я з цемрай сваёй.

Ад вачэй тваіх бедных і прагных

Да маіх спакойных вачэй

Повязь цягнецца, цягнецца, цягнецца

Ўсё танчэй, танчэй і танчэй.




Беларуская Палічка: http://knihi.com