epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Песня пра асколак

«Хлопча мой, мы ніколі не будзем з табой

Блукаць па свежай траве:

Адгрымеў і забыўся далёкі бой,

А асколак пад сэрцам жыве.

Каля сэрца, ў цёплай сумцы яго —

Ён лічыць кожны удар.

Мне шкода, мне шкода шчасця твайго,

Абарваных жалезам мар».

Так сказала яна.

І голас мой

Абарваўся ад чорнай тугі...

Ты свецік мой,

ты званочак мой.

Ты клёнік мой дарагі.

О, вайна, акопны смурод баёў,

О, адроддзе пекла і зла,

Нават мёртвай — ты знішчыла шчасце маё,

Нават здохлай — гора дала!

Чорны цень твой на кволых дзяўчынак упаў,

Ўсё забіў, запаскудзіў вакол.

Прыбіць бы, сволач, цябе да слупа

І ў глотку асінавы кол!

Не трэба, каб золкі спусціўся туман.

Паўстань, пераможны дзень.

Для кахання майго заслоны няма.

Я хачу.

І адступіць цень.

І цябе з тваёю мужнай тугой

Сагрэе мая рука,

І асколак ты выплачаш з сэрца свайго,

Як выплакаў казачны Кай.

Не трэба, не трэба сумных вачэй,

Не трэба пакут і няўдач.

Не трэба, не трэба сагнутых плячэй.

Любая,

светлая,

плач.

Як царэўна плача, як сонца праз дождж,

Як расы ружавеючай дым,—

І адступіць боль, і апусціцца нож,

Узняты над сэрцам маім.

Я вып’ю слёз тваіх цёплую соль,

Я згару на тваім агні.

Ты чуеш? Сталь тае, сплывае, як боль,

Ад кахання, ад цеплыні.

Любая, сэрца маё не трывож.

Што гэта?

Ў сне ці не ў сне?..

Слёзы, слёзы, сярэбраны дождж,

Ад якога кветкам квітнець.

У радасці яснай за нас з табой

На нябёсах нап’юцца багі.

Ты месячык мой, гномік мой,

Ты — жаўранак мой дарагі.

 

30—31 кастрычніка 1959 г.


30.10.1959; 31.10.1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан