epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Прарок Геронім Босх

ПРАРОК ГЕРОНІМ БОСХ4

 

Н. М. Молевай

 

«Увага! Увага! Увага!

Рыхтуецца атамны выбух.

Хавайце дзяцей!

Хавайце вучоных і кнігі!

Хавайце ў зямлю партытуры

Бетховена і Гуно!

Хавайце карціны Босха:

Ён ведаў пра гэта даўно».

Дзіўны, дзіўны мастак!

У цемры сярэднявечча

Сядзеў ён перад мальбертам,

Які асвятлялі свечы.

Цень у кутах пакоя,

Цені па фарбах бягуць,

Цень над роднай краінай,

Змрочныя цені ў мазгу.

Іспанцы край захапілі,

Палілі людзей без жалю,

Жыць не давалі нікому,

Існаваць — рабам дазвалялі.

Плакалі дзеці малыя,

Ўміраючы на нажы,

І нельга было смяяцца

Мастаку, што з праўдай дружыў.

Таму ў грудзях такога

Не сэрца, а галавешка,

Таму ў Героніма Босха

Памерла на вуснах усмешка.

Ён бачыў, што душы прыгнечаных

Не сталь, а бязвольны воск,

І прарочыў дрэнным людзям

Геній Геронім Босх.

Сваёй неўтаймоўнай фантазіяй

Выклікаў ён пачварныя здані...

Праз трэшчыны на палотнах

Чуюцца гукі рыданняў.

Лётаюць мёртвыя птушкі,

Палаюць жывыя кусты,

Пачвары з галовамі грыфаў

Рэжуць сабе жываты.

У адных галовы без ног,

У другіх пад задам калені.

Кідаюцца ў пажарах

Маўклівыя голыя цені.

Праз дымнае і чырвонае,

Праз попельнае святло

Танкі ідуць магутныя,

Якіх тады не было,

Ці мог ён тады прадбачыць,

Што пройдзе сто пакаленняў

І ажывуць наяве

Пачвары яго ўяўленняў?

Што будуць з акопаў людзі

Дзерціся на накат

І кідацца ім пад ногі

З цяжкай вязкай гранат.

Вы, васковыя душы,

З ланцугоў кашмары спусцілі,

Вы над роснай зямлёю

Смерці грыбы ўзрасцілі...

Даўно прарочыў такое

Босха трывожны мозг.

І ўсё ж аднаго ты не ведаў,

Вялікі Геронім Босх.

Зведаўшы чалавека,

Зведаўшы мора і сушу,

Не мог ты ведаць, што ў свеце

Стальныя вырастуць душы,

Што на хлуслівых і хцівых

Узнімецца іх рука

І вытрасе іх са скуры,

Як бульбу гнілую з мяшка.

«Увага! Увага! Увага!

Выбухаў больш не будзе!

Выносьце скульптуры і кнігі,

Спявайце і смейцеся, людзі!

Выносьце дзяцей заспаных

Пад сонечных гукаў прыбой!

Выносьце карціны Босха!

Адбой! Вечны адбой!»

4 Геронім Босх — славуты нідэрландскі мастак

канца XV — пач. XVI ст. У такой яго карціне,

як «Страшны суд», народная сатыра спалучаецца

са змрочнай, кашмарнай фантазіяй. Дзіўнае

супадзенне: на яго карцінах намаляваны машыны,

якія падобны на танкі і сучасныя гарматы.




Беларуская Палічка: http://knihi.com