epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Прарок (Маналог Кастуся з ІІІ акта трагедыі «Кастусь Каліноўскі»)

Генадзю Кісялёву

 

Далёкія-далёкія дарогі

Пад хмарнай лебядзінай чарадой...

Іду... Не веру ў д’ябла, ані ў бога.

Былі б — дык не паднеслі б чары той:

Пакутваць цяжка гневам і журбою,

Ў пустыні марна да пяскоў гукаць

За край, даўно адвучаны ад бою,

Ад мовы, гонару і языка.

І жыць, як тыя, што вось-вось сканалі,

Але яшчэ не ўпалі ў вечны смерч:

Мозг шле навокал клічы і сігналы,

А цела — ў мёртвы лёд закула Смерць.

У распадзе клетак мозгу, бы ў магіле,

Чуць, як лікуе крумкачоў імша,

Ўсе словы чуць у гневе і бяссіллі,

Пакуль не вернецца ў Нішто душа.

І з горыччу, бы ў сполаху зарніцы,

Убачыць раптам дальнія гады,

Калі нашчадкі узвядуць грабніцы

Ўсім тым, каго распялі іх дзяды,

Каго пабілі на стагнах каменнем,

Каго на плаху валаклі з турмы...

Вы, людзі ўсіх наступных пакаленняў,

Ці будзеце у роспачы, як мы,

З сваёй апошняй ледзяной калыскі

Чуць мозг, што марна растае ў агні?

Не трэба. Што нам славы абеліскі?!?

Што нам, памёрлым, знічы і граніт?!

Калі жадаем мы адной кароны:

Пачуць, як лёсу валяцца муры,

Пачуць, хаця і ў першы дзень па сконе,

Ў згасанні мозгу ярасны ваш крык.

І зразумець, што вы ўзламалі краты,

Апошняй думкай, цяжкай, як свінец,

Што блізкі ён, вялікі ваш пачатак,

Што блізкі ён, вялікі мой канец.

І ў водбліску згасальнае заранкі

Апошнім промнем, як лязом нажа,

Пайсці раллёю, мною узаранай

Для руні, невядомай і жаданай...

Пайсці да вас...

І да свайго крыжа.


03.03.1965

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан