epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Прыйдзі

Не чакаць парываў свабоднага брыза,

Не чакаць святла сярод цёмнай начы.

Час рабоў і здрады. Эпоха Чынгіза.

Час дрыжачых мужчын і хлуслівых жанчын

І ў баі і ў каханні вароцяць спіны.

Што ж рабіць?

З году ў год лічыць барышы?

Для чаго?

Ўся слава, віно і жанчыны

Суета сует і тамленне душы.

Зарастае травою ў сумлення ганак,

І ваююць даносам замест свінца.

Пасля славы — наклёп, нуда — пасля п’янак,

Пасля здрады кахання — туга да канца...

Да канца...

Ўспаміны адносяцца роем...

Я адзін.

Я адзін супраць тысяч стаю,

Клічу сэрцам збавіцельны полаг спакою,

Што закрые мне крыламі вочы ў баю.

 

[1957 г. ?]


1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан