epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Прысенне зімы

Наваградак. Золь. Прысенне зімы.

Рунь і дрэвы мараць аб цёплых снягах.

О, якая самота гатэльнай турмы!

Векавая якая туга!

Крыжацкай навалай з паўночных меж

Падпаўзае пад стромы зіма,

На схілах чыгунная чырвань веж

Прамерзла да сэрца амаль.

Вецер з цемры польнай, бы ўдар ляза,

Бадзякі зіхацяць, як шкло...

Як жа ім халодна, чарцячым князям,

У іхніх загонах было!

Паміраў жарынкамі веж карагод...

Мой апошні агеньчык жаўрэў нежывы,

І коні калматыя білі лёд

Да замерзлай жоўтай травы.

І скакаў да брамы начны ганец,

І крычаў, што безліч крыжацкіх зграй,

Што ад сцюжы чужынскай і сцюжы сардэц

Памірае ўлюбёны край.

Ноч... Гасцільня... Горад даўно апусцеў.

У вежах пяць стагоддзяў, як згаслі агні,

І вецер у вокны лісце мяце,

Прамерзлае — аж звініць.

Уначы ірвецца дрымоты ніць...

Як удар.

Бо прыпомніў у сне,

Што Свіцязь, у нетрах забытая, сніць

У дубовай сваёй труне.


27.10.1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан