epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Раманс Марылі

Сонца паліць над шатамі парку,

Ў вочы людзям дзідамі б’е,

Людзі-кветкі нясуць на карках

Пчол назойлівых — думы свае.

Кветкі сінія, вогненна-чорныя,

Хмель хістаецца ўгору і ўніз,

Ружы алай нешта гаворыць

Самаўпэўнена — тонкі нарцыс.

Сярод гэтага кветніка п’янага

(Мо было ўжо такое калісь?)

Ты праходзіш адна ля фантана,

Найпрасцейшая кветка зямлі.

Нібы ціхая сумная музыка,

Ты праходзіш з пакорай сваёй,

Адуванчык на ярасным лузе,

Кветка з жоўтаю галавой.

І з фантана, раскрыліўшы крылы,

Праз вясёлак халодны звон

Усімі рэшткамі бронзавай сілы

Лебедзь рвецца табе наўздагон.

Марна рвецца, бо ў звоне і граі,

У мільёнах вясёлкавых слёз

Хлопчык лебедзю шыю сціскае,

Як адвечны няўмольны лёс.

І гляджу я змрочна на тое,

Як, абернуты ў шумнай вадзе,

Цень Міцкевіча нада мною

Лебядзіную песню вядзе.


15.06.1963

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая