epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Раманс пра караля, што пакінуў трон

Так было і доўга так будзе:

Палілі вёскі й палі,

З гарадоў рабілі руіны і груды

Ўсёй зямлі — усе каралі.

Не, не ўсе. Ў даўніну забытую

Быў адзін — адзіны, і ён

Для простых кінуў эліту,

Для кахання пакінуў свой трон.

Заблукаў ён на паляванні,

І з дачкой палясоўшчыка Рут

Прасядзеў ля агню да світання

І найлепшую стрэў зару.

І кінуў магнатаў без жалю,

Палюбіў курных хата ў дым,

І аддаў сваё сэрца не замкам і залам,

А халупам і бедным братам сваім.

Палюбіў іх песні і словы,

Бо казаў іх каханай рот,

І зляцелі ў многіх галовы

З тых, хто мучыў і нішчыў народ.

І аднойчы сказаў ён магнатам,

Сказаў словы дзіўныя ён:

«За каханне у простай хаце

Я пакіну бацькоўскі трон.

А паколькі мне вецер вее

З нейкай іншай, свабоднай зямлі,

То ў Ісландыю, край завеі,

Мы сплывем на сваім караблі».

...І ў той час, калі йшчэ не ўкрылі

Крылы ветразяў мачты ўзлёт,

На прычале конна з’явіліся

Сваякі тых, што нішчыў народ.

Гналі коннікі ў дзікім намёце.

Кожны меч свой цягнуў з нажон:

«Не каханнем — макітрай заплоціш

Ты, што, дурню, кінуў свой трон».

Нараджала маланкі зброя,

І пад вечар ад роднай зямлі

Ў край далёкі, край мёртвых герояў

Ён адплыў на сваім караблі.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Раздзімаў яму ветразі вецер,

І адплыў у Нязнанае ён...

Той адзіны кароль на свеце,

Што аддаў за каханне свой трон.


25.11.1981

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан