epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Раманс вінаграднай лазы

Па туманах касых

Вінаградныя вусікі

Ўюцца,

Ўюцца

І імкнуцца спаймаць

Малады

І гарэзлівы месяц.

За глыбокія вочы твае,

Што ў тумане,

Блакітным тумане

Смяюцца,

Хай мяне на праменнях

Туманных,

Абвітых,

Спайманых

Праменнях

Павесяць...

Ах, як вішні цвілі!

Як здрадлівая

Белая мара!

Зацягнулі,

Завабілі

Песняй

Птушынай сваёю.

А цяпер у завулках,

У завулках

Так плача гітара

Ненадзейнай,

Пакінутай,

Цалкам адрынутай,

Цалкам жаночай

Тугою.

О, як хочацца жыць!

Што з таго,

Што вясенняй парой

З вішань квецень

Зляцела

Завеяй,

Пяшчотнай

І сіняй.

Што з таго, што калісьці

Памруць

Пад асенняй

Халоднай касой

Залатыя вяргіні...

Вяргіні...

Вяргіні...

Дваццаць год яшчэ можна кахаць!

Дыхаць квеценню,

Летам і маем.

Дваццаць год

Вінаградныя вусікі

Будуць віцца

Па месячных струнах...

Ах, няхай яны ўшчэнт заплятуць,

Ах, няхай яны мякка спаймаюць

Гэты месяц гарэзлівы,

Месяц вясёлы

І юны.




Беларуская Палічка: http://knihi.com