epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Размова з Кіева-Пячэрскім сланом

У асеннім прысмерку над Дняпром

Замігцеў агеньчык сляпы.

Ад дажджу пачарнеў небарака-дом

І дубоў магутных слупы.

Ад дажджоў стаў зялёным стары паркан,

Парадзела лісце садоў.

Пабяжы на поўдзень, Дняпро-рака,

Панясі прывітанне з вадой.

Прынясі яго ў горад юнацтва майго,

Дзе плылі тапаліныя дні,

Дзе чырвоныя паркі ля берагоў,

Дзе якраз запалілі агні.

Ў гэтым горадзе, дзе златабрамскі сквер

Зараз, пэўна, ад ветру пажоўк,

Ёсць любімы раён, што завецца «Пячэрск»,

Ёсць каштаны ў імжацы дажджоў.

Колькі я недакуркаў там раскідаў

У начны нечапаны снег,

Колькі раз пад вокнамі ноччу стаяў,

Каб пабачыць цень у акне.

Дом вар’ята-дойліда. Сотні хімер

Прымасціліся ля акон,

З брамы дзіўнай вартуе сонны Пячэрск

Недарэчны каменны слон.

Я прыйду і, як лепшаму другу свайму,

Калі выйду на Банкаўскай брук,

Доўгі хобат каменны пацісну яму,

Накармлю апельсінамі з рук.

«Любы слон, ты стаяў тут ночы і дні

Перад гэтай каменнай сцяной.

Раскажы мне, як тут жылі яны,

Ўсе сябры, што ў разлуцы са мной?»

Ты заўсёды бачыў іх вокан агні,

Ты глытаў іхніх комінаў дым.

Пойдзем вулкай, дзе тысячы навальніц

Праляцела над сэрцам маім.

Ты пабудзь гэту ноч, як калісьці, са мной,

Пакідай старую турму.

Асцярожна. Дай падтрымаю рукой,

Дай пад хобат цябе вазьму.

Мы дамо па Пячэрску вялікі крук,

Я мясціны табе пакажу,

Дзе калісьці кранаўся каханых рук,

Дзе хаваўся з ёй ад дажджу,

Дзе сімфоніі слухаў улетку з ёй,

Дзе закусваў у склепах начных,

Дзе бяссонным крокам, часінай начной,

Падазроных будзіў вартавых.

Цытадэльны завулак. Старыя дамы.

Ў небе зоры, як кроплі слёз.

Тут калісьці у верасні бачылі мы,

Як кацілася знічка з нябёс.

Я такога не бачыў яшчэ на вяку,

Я не бачыў такога ў жыцці:

Затуліла павекі, працягнула руку

І сказала: «Ляці ж! Ляці!»

І чамусьці як толькі сказала: «Ляці»—

Ліст кляновы ў сцюдзёнай расе,

Увесь чырвоны, лімонны і залаты

Ёй на пальцы, як мятлушак, сеў.

І яна падхапіла яго на ляту,—

Чуеш, сябра, чуеш, мой слон?—

І яна сказала, што гэта Арктур

Ёй зваліўся лістком у далонь.

Але вочы былі, як спынены спеў,

Як трывожнай ракі глыбіня...

Я быў вельмі дурны і не зразумеў,

Што за зорку чакала яна.

І прыйшла чарга невясёлым дням,

Ламі ле намі стала сцяна,

І не верыў ніхто, і не верыў я сам,

Што чакала зорку яна.

Тут, на сходах, што ад тэатра Франко

На любімы Пячэрск вядуць,

Я апошні раз махнуў ёй рукой

І ў начную знік каламуць.

Каб пасля зразумець, што на гэтай зямлі

Памяць дзён такіх берагуць,

Што куды б дарогі мяне ні вялі —

Я забыць яе не магу.

Колькі цяжкіх гадоў пайшло пад адхон,

Пад марознага ветру свіст,

Разумееш, мой сябра, мой любы слон,

Мне яна напісала ліст.

У сэрцы зноўку парасткі даўніх надзей

Пад вясеннім ветрам пяюць.

Можа, зоры ляцяць сапраўды да людзей?

Можа, я спаймаю сваю?

Мы раён абышлі з табою кругом.

Зноўку вулка твая і мая.

Ты, напэўна, ведаеш гэты дом?

І пад’езд, і акно, як маяк?

Перад ім гады замыкаюць круг

І спыняецца бег хвілін.

Ты прабач, прабач мне, мой любы друг,

Я далей пакрочу адзін.




Беларуская Палічка: http://knihi.com