epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Развітальная песня

Ці-і-іпак,

Ці-і-іпак.

Сумна. Не хочацца ў шлях далёкі.

Шпак

на галіне бярозы высокай,

Чорны шпак,

Трапёткі шпак.

Чысты абшар халодных нябёс,

Белыя травы засумавалі,

Белыя травы на сонцы адталі,

Плачуць ружовымі нізінамі слёз.

Ці-і-іпак,

Ці-і-іпак.

Шпак не трапеча, ён не ўзвіваецца,

Шчасцем жыццёвым не захлынаецца,

Сёння з радзімаю ён развітаецца.

Сумна,

Працяжна спявае шпак,

Песня шпака халадком цячэ,

Доўгі, празрысты свіст на світанні...

Час адлятаць ад радзімы туманнай,

Светлай для кожных птушыных вачэй.

Ў сэрцы птушыным яна жыве

З дымнаю сушняй, з садамі расянымі...

Вецер над чорным, чужым акіянам

Перыйкі,

Перыйкі,

Перыйкі рве.


1958-1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан