Чортавы сходы, Шайтан-Мярдвень,
Вымерлых таўраў спаруда.
Ледзьве ляплюся... Ой, справы дрэнь!..
Людзі! Ратуйце, людзі!
Ў сажань прыступкі. Зараз бы мул,
Асёл або хто заўгодна,—
Я б ухапіўся за хвост яму,
Нібы за маму родную.
Тытанаў шлях паўтарыць захацеў —
Ляцець, як арол, над абвалам...
Арол, ён ляціць, а вось ты каб зляцеў?
Чорт занёс цябе ў гэтыя скалы!!!
Строма — семдзесят градусаў. Ў прорве цень.
І з-пад ног туды камні прамуюць.
Кляты, чортаў Шайтан-Мярдвень!
Каго хочаш на морд замардуе.
Вецер і сцюжа ў кішках аж да дна.
Сцяна, і канца ёй не будзе.
Дамоў бы зараз, ды шклянку віна...
Людзі!
Ратуйце, людзі!