epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Самсон

Мой край ваўкі зубамі шкамуталі.

З вачэй, закінутых журботна, слёзы,

Змяшаўшыся с крывёй, на дол плылі.

Я простым быў.

Я ўсё жыццё хацеў

Алівы ўзрошчваць, абвадняць пустэчы,

На святы ў недалёкім гарадку,

Пот змыўшы з цела, танцаваць з дзяўчынай...

І ўсё забыў, бо ў мой пясчаны край

Прыйшоў філісцімлянін.

Я не мог...

Забыў дзяўчат, саху, спакой і волю.

Адное засталося — сіла зброі.

Адное засталося — песні гневу.

І я узняў свой сцяг. І легіёны

Пайшлі за мной.

У гневе ярай бітвы

Я перамог амаль.

І толькі сэрца

Ўсё тым жа засталося, чалавечым,

І сумавала па садах і хаце,

Па простых радасцях і па каханай,

Па ўсім, перагарэлым у сутычках,—

Што я забыў.

Адпомсціла яно.

Звяло мяне з падступнай і пяшчотнай...

Прыгожая — яна была каханай.

Далёкая — яна была жанчынай

З вачыма божай маці на іконах.

І з ротам сучкі прагнай. Цэлы век

Мяне трымала ў радасным палоне,

І добрым называла, і прыгожым,

І пальцамі, слабымі, як пялёсткі,

Адняўшы сілу, выдала чужым...

Стаю, хістаючыся, над сталамі,

Прыкуты ёю да калон варожых,

І чую музыку, і гром кімвалаў,

І слёзы блізкіх, што рабамі сталі...

Няма, няма заступніка у іх!

Але найгорш, найгорш мне кроіць сэрца,

Што чую голас дарагой і любай

І пацалункі — ката і яе.

І трызняць вочы цёмныя, сляпыя,

Успамінаючы парог бацькоўскі

І маці, што прадзе штовечар воўну

На камені яго...

О гэты смех

Прыгожай сукі у раскошнай зале!..

Што можаш ты паставіць супраць Маці?

Усе твае надуманыя словы —

Хлусня, як ты сама.

А маці ёсць.

І сонца ёсць. І ёсць мая радзіма.

Я сын яе. І я ў крыві ўстаю.

Хістаюся. Ўстаю і ажываю.

Я буду жыць. Я знішчу вашы вежы,

І род твой на зямлі забудуць людзі.

Ты памылілася і гэтай здрадай

Такога ворага

братам прыдбала,

Якога ў іх ніколі не было.

Хістаюцца калоны!

Дах трасецца!

Няхай загіну, але разам з вамі,

Таму, што я сляпы, таму, што цёмны,

Прададзены багамі і табой.


1960-1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая