epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Састарэлы месяц

Затрымаць імкнуся назаўсёды

Вось такім, як зараз, вобраз твой

З дальняй песняю, з начнымі водамі,

З месяцам, што гасне над вадой.

Месяц састарэлы памірае,

Затрымаць яго, каб ён заўжды

Асвятляў твой тварык, дарагая,

І ў траве расістыя сляды,

Ведаеш, ён сумны, тонкі, белы,

Сёння я хачу, каб кожны жыў,

І шкадую месяц састарэлы,

Што ў хвіліну шчасця нам свяціў.

Зоркі тыя ж, а ўвесь час спадаюць.

Нехта ў небе, пэўна, ўсё ж сядзіць

І дажыўшы месяц разбівае,

Каб з асколкаў зорак нарабіць.

Папрашу яго, каб ён пакінуў

Ў кожны міг, калі са мною ты,

Месяц драхлы, месяц светла-сіні,

Што няўхільна коціцца ў кусты.

 

[1957 г. ?]




Беларуская Палічка: http://knihi.com