epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Сірын — птушка радасці

Сірын на досвітку ў лесе спявае,

Дрэвы ў празрыстым вэлюме зялёным,

Сінія хмаркі, як дым, праплываюць

На візантыйскім небе чырвоным.

Ў лесе азёры вясеннія, сінія,

Дзеткі-бярозкі выйшлі на бераг...

Крылы жар-птушкі, воблік дзяўчыны,

Вочы смяюцца, вялікія, шэрыя.

Радасць вясенняя, дальняя песня,

Ціха фіялка з зямлі выглядае:

Ў мокрых лясах, на блакітным прадвесні

Сірын, закрыўшы вочы, спявае.

Песня ўзлятае ў імклівым палёце,

Песня лікуе майскім світаннем

Ў гэтай пранізліва-страснай пяшчоце,

Ў гэтай любові, ў першым каханні.

 

[1957 г.?]




Беларуская Палічка: http://knihi.com