epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Слова беларускай бярозы

Міхасю Рудкоўскаму

 

Столькі год я гляджу на палеткі і весі

Ў іх сцюдзёнай і чыстай асенняй расе,

Закалела, ўзмакрэла на золкім узлессі,

Як старая жанчына, што пасвіць гусей.

 

Валасы мае чэша вятрыска і трусіць,

А ў халодных травах туды і сюды

Валуны на пашы, як белыя гусі,

Што гані не гані, а не йдуць да вады.

 

Ад вясёлай Друці да нетраў Падляшша,

Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц —

Валуновая паша, гранітная паша,

Камяні, камяні, камяні, камяні.

 

І хоць мох на каменнях сівее ад гора,

А ў галіны мае б’юць шалёна грамы,—

Ўсё ж нам добра глядзець на лагі і разоры,

На зямлю, для якой паслужылі і мы.

 

Бо тады, калі праўду хацелі павесіць,

А над хатамі курчыўся змей агнявы,

Мы хавалі людзей на падбегах да лесу —

Я і гусі мае сярод стылай травы.

 

Людзі краю майго, мы зрадніліся з вамі,

Куля ў кожнага з вас наша сэрца праб’е,

Бо з адзіным вы сэрцам, адвечным, як камень,

І пяшчотным, як добрыя косы мае.


1960-1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая