epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Снягір

О радзіма, мой светач цудоўны, адзіны,

Явар мой, мой агністы снягір на сасне,

Ледзь цябе не забыў я з чужою жанчынай,

Што ў душы не хацела і ведаць мяне.

Ёй былі непатрэбныя звялыя травы,

І, ад вераса горкі, вятрыска павеў,

І твая некрыклівая гордая слава,

І твая перамога, і мукі твае.

Зараз нехта другі перад ёю варожыць,

Сыпе золата мар, лье славесаў ваду...

Што паробіш. Была яна вельмі прыгожай.

За такімі і ў пекла мужчыны ідуць.

Я пайшоў бы таксама. Ў пякельным дыме

Можна ўскласці на ногі цярпення браню

І ўсё роўна спяваць аб азёрах радзімы,

Плечы гордыя ўзняўшы над морам агню.

І няхай першы камень у вочы мне кіне

Той з мужчын, хто не зможа мяне зразумець,

Той, хто маці сваёй не змяняў на жанчыну —

Залатога пяску на брынклівую медзь.

І канец. Сталі толькі маім успамінам:

Ласка шэрых вачэй, заінелая скронь,

Лес нахмураны, хвоя, лябяжы іней

І рука, што лягла на маю далонь.

І для шчасця, для сонечнай вечнай кароны

Не хапіла мазка адзінага мне:

Не хапіла радзімы, іскры чырвонай,

Снегіра на заснежанай сіняй сасне.




Беларуская Палічка: http://knihi.com