epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Спадарожніку зямлі

Шэпчуць лісцем пажоўклым таполі,

Зоры робяць за кругам круг.

Я не бачыў цябе ніколі,

Мой маленькі нябесны друг.

 

Узыдзі, мая зорка срэбная,

Над абшарамі нашых бароў,

У людзей жа на сёмым небе

Не было ніколі сяброў.

 

Не да неба ляцела іх сэрца,

А да ніў сваёй стараны,

Ўсе яны зямныя да смерці,

Але ты хіба не зямны?

 

Тут прыпала табе нарадзіцца,

Тут звычайныя людзі зямлі

Разгадалі тваю таямніцу

І сусвету цябе аддалі.

 

І, як многія, сэрцам чыстыя,

Што выходзяць з цемрай на бой,

Ты на працы згарыш калісьці,

Усё аддаўшы Радзіме сваёй.




Беларуская Палічка: http://knihi.com