epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Спека. поўдзень (З « Вераб’інай сюіты»)

Верабей на плоце,

Сонцам яго паліць,

Тут жа яго дзеткі

Рты парасчынялі.

Поруч вераб’іха,

Злосная кабета,

І лае, і перыць

Вераб’я за гэта:

«Выбраў ты кватэру,

Цэлы дзень тут сонца,

Да ракі далёка,

Да лесу бясконца...

Знёс бы сотню вусняў

Шпаку-ягамосці,

Зазваў бы зязюлю

Выпіць чарку ў госці —

Мелі б мы і дачу

Не горш, як у цёці,

Калі б ты, калода,

Не сядзеў на плоце,

Што табе і жонка,

Што хоча на дачу,

Што табе і дзеткі,

П’янюга, няўдача».

Верабей сумуе:

«Спека. Лаюць злосна.

Дзе ад жонкі дзецца?»

. . . . . . . . . . . . . .

Цяжка яму, млосна.

 

[1955 г. ?]


люты 1955

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан