epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Спуск з гор

Набягае на колы заснежаны шлях,

Ля дарогі дубняк адубеў,

Але рукі твае у маіх руках,

Але ў сэрцы — гарачыя — радасць і жах,

Што знайшоў, што страчу цябе.

Кожны звіў дарогі ў абдымкі мне

Так уладна, з пяшчотай такой

Пасылае цябе. І, здаецца, канец,

І здаецца, памрэш ад шчасця, бы ў сне,

Калі неба кранаеш рукой.

Побач ты. І не дзіва, што чэзне туман,

Што народжаная ўначы,

З павароткаю кожнай адходзіць зіма,

Пасля студзеня ўладна прыходзіць май,

Гучна звонячы ў сонечны шчыт.

Вырываецца сэрца з вузкіх цяснін,

І раптоўны абшар, нібу ўдар.

О, якое мора гарачыні

Сінім сном аж да самага неба сніць

У нірване любоўных мар!

Што такое? Хто гімны сонцу пяе,

Хто хістае ружовую даль?

Мо салодкі вецер у сэрца б’е,

Можа, лебедзі ўскінулі крылы свае

Або проста цвіце міндаль?

Або проста цвіце кізіл залаты,—

Дыхні і бяссмерце прыдбай!

О, якое шчасце, што побач ты!

Што каханне!.. Мора!.. Водар густы!..

Май!..

Май!..

Май!


сакавік 1967; 15.04.1968

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая