epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Стаю ўначы ў завіруху..."

Стаю ўначы ў завіруху —

Аддаўся наплыву мар.

Ноч уважная слухае,

І вецер гайдае ліхтар.

Што са мною — не знаю.

Сэрца трывогу б’е.

Кахаю?

Здаецца, кахаю.

Напэўна, кахаю яе!

Клянуся зарою вяснянай

І тым, што міне зіма,—

Няма ў мяне іншай каханай,

Іншага друга няма.

Кахаю... у хустцы і ў косах,

Ў завею і летні гром,

Кахаю абутую й босую,

З кнігамі і з сярпом.

З ёй — радасць, адному — гора.

На гэтым цвёрда стаю.

Ноч крочыць,

І чуюць зоры

Клятву маю.


1954-1956?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан