epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Шыпшына і ружа (З народнага)

Шыпшына і хатняя ружа

Калісьці разам жылі

І разам кахаліся шчыра

На мяккай садовай зямлі.

 

Абняўшыся, на гародзе

Стаялі да ранняй зары,

І дзеткамі іх лічылі

Вішня і дуб стары.

 

Так яно усё і цягнулася,

Добра кветкам было,

Пакуль не паслаў за падаткам

Кароль гайдукоў на сяло.

 

Карову — за вокны ў хаце,

Сто злотых — ад бараны.

І нават падружжу нашаму

З пагардай сказалі яны:

 

«Пакуль яшчэ маладыя —

Давайце кветкі й лісцё,

А потым, як дзеці будуць,

Дзяцей сваіх аддасцё.

 

Не жыць ім у подлай вёсцы,

Не чуць ім мужыцкіх слоў,

Расці ім ля гордых палацаў,

Уцехаю быць для паноў».

 

Горда ў адказ шыпшына

Сваёй скалануў галавой:

«Мілей нам родная хата

З яе саламянай страхой.

 

За камень гарачы хапайцеся,

А не за нашых дзяцей.

Як будуць — не дам на знявагу

Кату, што мучыць людзей».

 

Цягнуць рукі да ружы —

Шыпшына даў аднаму,

Ўзяліся яны за шыпшыну,

Рукі круцяць яму.

 

Сцябаў гайдукоў у вочы,

Па твары бязлітасна біў,

Падрапаў гайдуцкія рукі,

А ружу сабой затуліў.

 

Пабеглі за дапамогай,

Бягуць з рыдлёўкай, з касой,

І кажа шыпшына горды

Дзяўчыне каханай сваёй:

 

— «Бегма, ратуемся, ружа,

Каханка, радасць мая».

— «Шкада мне матулі-вішні.

Бяжы, застануся я».

 

За ім да пушчы гналіся,

Гналіся з сабакамі ўслед

І толькі ля рэчкі глыбокай

Згубілі шыпшынаў след.

 

І нельга з’явіцца з пушчы

Да ружы каханай яму,

Бо могуць схапіць гайдукі

І кінуць навекі ў турму.

 

Так і жыве ён у лесе

У шапцы чырвонай як кроў,

Кінжаламі і нажамі

Узброены да зубоў.

 

Стаіць ён як горды мсцівец,

На вёску з узлесся глядзіць.

Хай цяжка — затое вольны,

А вольнаму добра жыць.

 

А там, каля старай хаты,

З сівінкаю на лістах

Сумуе хатняя ружа

У чыстых росах-слязах.

 

[1955 г. ?]




Беларуская Палічка: http://knihi.com