epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Таруская віла

На спакойны і радасны дом над Акою

Нахіляюць зялёныя косы бярозы.

Ў буйным кветніку — ружы, што снегам бялеюць,

Чырванеюць пралітай крывёй і жаўцеюць, як здрада.

Ружы маняць, бо ў жніўні не падае снег,

А муры, зялёныя ад рэфлексаў

Сакавітай і чыстай садовай лістоты,

Як сярэдневяковы ізумруд маўрытанскі,

Адштурхнуць, абясшкодзяць вераломства і кроў.

 

Я жыву ў гэтым доме, працягнуўшы

да светлага сонца далоні.

Мне тут чыста і ціха, вандроўнаму мараку,

Нават хмурнаю раніцай,

Калі чорны туман,

Як татарскія коннікі,

Пераплывае пустую Аку.

Кот пярэсты, спадчына Казакова

(Значна горшая за яго апавяданні),

Ноччу звонкай і цёмнай прыходзіць з гулянкі —

Нават трохі пазней, чым прыходжу я,—

Кабіясам лезе ў акно пакоя

І спачатку кладзецца на чамадане,

А пасля — якое шчасце! Яго не заўважылі! —

Лезе ў ложак, кладзецца на ногі і даўнюю песню

заводзіць

Пра цудоўныя хаты, дзе мучаюць дзеці яго.

О дыханне дзяцей!

Спакойнае, мірнае, соннае,

Як паўночнага ветру павеў,

Да якога цягну я руку...

Гэта чорны туман?

Або, можа, татарскія коннікі

З гор паўзуць

І плывуць праз пустую Аку?

 

Тут найлепшая бабця на ўсім белым свеце,

З добрым даўнім імем, і бяссонніцай, і дабрынёй,

І унучка, найлепшая з добрых капрызніц,

А ўладар гэтай вілы — найлепшы з тэатральных

тыранаў...

Галаву прастралі перад ім — і ён усё роўна заўважыць,

Што скразнога дзеяння ў гэтым учынку няма.

Ён даводзіць мяне Станіслаўскім і Хемінгуэем,

Выклікаючы ціхую ярасць у сэрцы маім,

Бо не можа заўважыць, што геній, бязмерна мацнейшы

За вышэйпамянёных тытанаў, жыве ў яго доме

І стварае трагедыі пышнай сусветны шэдэўр.

Ўрэшце, бог з ім. Ён геній таксама. І ў слаўным

двухтысячным годзе

Восем дзірак нашчадкі ў знадворнай сцяне

прасвідруюць

І павесяць на вілу з пароскага мармуру дошкі,

Каб зявакі глядзелі на іх, як варона на палкае сонца,

Тупа дзюбу раскрыўшы...

Тут заўтра вялікае свята:

Сорак шэсць гадавін гаспадар па зямлі пахадзіў...

Па вяршынях і прорвах, на нашых няпэўных дарогах

Крочыць столькі гадоў — гэта трэба, як хочаце, ўмець.

Мойра, дай яму шчасце і сонца і палкі агонь неспакою,

Сотню вёснаў і восьмай карціны маёй ухваленне.

Назнарок не кажу я нічога пра пані,

Што дала гэтай віле імя і прытульнасць,

Што ўзрасціла рабіны і дрэвы і ружы,

Што аўсянаю кашаю корміць мяне.

Нездарма яе скульптары лепяць...

(Мяне яны вылепяць, пэўна.

Ў трыста год: без зубоў,

Без ідэй, без радкоў, без душы...)

Мікельанджэла,

Вакары,

Глебавы,

Бембелі,

Краўчанкі,

Бандарэнкі,

Кановы

І Яхмесы свету

Плюньце на геніяльна-вакхічную храпу маю,

І ваяйце жанчын

І яе,

Тарускую Неферціці

З яснай дзіўнай усмешкай,

З доўгай шыяй

І сапфірам занадта спакойных вачэй.

 

Я сяджу за сталом,

І расчынены шыбы аконныя.

Ад Капелы дарожка

Лягла на цяжкую раку.

З процілеглага берага

Пасмы туманаў —

Татарскія коннікі —

З гор паўзуць на мяне

І плывуць праз начную Аку.

 

Гэта ты іх паслала праз вёсны пагоняй за мною,

Каб яны узялі мяне зноў у крэпасці белай і чыстай,

Каб ізноў маю шыю абвіў смяротны аркан успамінаў,

Каб прывёў у хлусню мяне дымчаты хмарны табун.

Ты, дурнічка, усё скончана.

Тут ад бяроз над парканам

Да усмешкі, да спрэчкі — іначай усё і ясней...

Ўсё не так, як з табою, забытай даўно, непатрэбнай

Ні адценнямі слоў, ні вачыма, ні цеплынёй.

 

Адмаўляюць чырвоныя ружы твой рот, а белыя —

зубы твае адмаўляюць,

Адмаўляюць пахучыя косы бярозы — твае валасы,

Адмаўляе Ака твае вочы.

Адмаўляюць лясы тваю слабасць,

Ветра шум адмаўляе далёкую музыку слоў.

 

І няхай на хвіліну здаецца мне,

Што былога сады расцвітаюць,

Што над светам вясна затрубіла на срэбнай трубе,

Што мне нельга, што ў гэтым спакоі

Былое маё ажывае,

Што кахаю, кахаю,

Безнадзейна кахаю,

Па-вар’яцку,

Шалёна

Кахаю цябе.

 

Ўсё адно. Я навал не хачу,

Каб рамонкі тапталі і золата доннікаў,

Толькі праўду люблю й чысціню

І адданую сябра руку,

І таму хай плывуць праз Аку

Туманоў тваіх дзікія коннікі,

Хай плывуць!

Не прайсці ім Аку.

 

Разам з жартамі, песняй і сонечных зайчыкаў роем,

Разам з яснай усмешкай няўхільнага жніўня-касца

Мы стаім супраць раці тваёй,

Як малая і стойкая раць,

Што чакае

Ўтрапёнага бою,

Знае ўсё і стаіць з найвышэйшым спакоем.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Знае ўсё.

Але будзе стаяць.

Да канца.


15.03.1968

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая