epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Таўры

В. Б. В-ч

 

Таўры жылі, як і ўсе народы:

Ваявалі,

Кахалі,

Гарэлку пілі.

Мудравалі,

Зліваліся з маці-прыродай...

Насваволілі,

Навершавалі,

Пайшлі.

Але так,

Без слядоў,

Нішто не знікае.

І дасюль,

Па абшарах сваёй стараны,

Між людзей,

Непазнаныя, таўры блукаюць

І не ведаюць самі,

А хто яны?

На муры, што нязнанымі продкамі ўзведзены,

Пазіраюць, як козы на новы плот:

«Ані д’ябла пра вас мы, браточкі, не ведаем.

Што вас несла у горы?

Унізе ж — цяпло!»

Дрэмле Кошка-гара,

Дрэмлюць таўраў руіны.

Я стаю і ўяўляю,

Што я не ізгой,

Не паэт з беларускіх узгоркаў сініх,

А апошні таўр

Народа свайго.

О, якая ганебнасць у гэтых згадках!

О, які атрутны бяспамятства дым!..

Крый нас божа, калі і на нас

Нашчадкі

Паглядзяць,

Як мы

На таўраў

Глядзім.


1967-1968?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая