epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Трагедыі не знікнуць пры Камуне..."

Трагедыі не знікнуць пры Камуне,

Хоць знікнуць голад, і прыгнёт, і жах:

Захоча Ён дабрацца да Нептуна,

Яна — сады вырошчваць у ільдах.

І рыне ў космас карабель імклівы

Да новых зор, да новай стараны,

І пройдзе месяц для Яго жахлівы,

А для Яе — дзесяткі год зямных.

І лямант радыё з канца сусвету

Не даляціць праз папялісты змрок:

«Каханне, адгукніся, дзе ты, дзе ты?

Ў якіх краях гучыць твой лёгкі крок?»

Ён руль трымае, пальцы пабялелі.

Ў вачах ад рэзкіх слёз стаіць туман.

Планеты ледзяныя, пасівелыя.

Жыцця ні кроплі. Аміяк. Метан.

Далей. Далей. Сусвет бязмежны зведаць.

Шукаць разумнае, шукаць людзей,

Ў туманнасці далёкай Андрамеды

З пачварамі змагацца цэлы дзень

І прыляцець з далёкіх зорных светаў

Да прыліўных дажджоў, да поўных рэк,

Да самай лепшай, да сваёй планеты,

Дзе так чакае родны чалавек.

Сустрэць Яе ў пачатку цёплым мая

І ўбачыць, што прыйшла Яе пара,

Што любая амаль зусім сівая,

Па ўзросту, як старэйшая сястра.

Пачуць ад любай у тузе і жалю,

Ў згрызотах, і каханні, і журбе:

— Я гэту яблыню тады саджала,

І дачакалася яна цябе.

Пятнаццаць год у зараве Стажараў

Яна пладамі біла па зямлі...

Глядзі, алеяй падыходзіць пара.

І хлопец — наш. І мы вось так маглі

Глытаць салёны вецер акіяна,

Ў шумлівых пушчах раскладаць касцёр,

Ў садах малочных сустракаць світанак

Ўсе дваццаць год, што ты ляцеў да зор.

І ўсё ж мне добра, што тугу і старасць

Пакінула сабе, як лепшы дар.

Я ганарылася табою ў марах,

Адважны мой, каханы мой Ікар...

 

І, можа, шчасце менавіта ў гэтым,

Каб любаму аддаць усе гады,

Каб адкрываць нязнаныя планеты,

Сівець, чакаць, кахаць, расціць сады,

Не быць ніколі вербным херувімам,

І для адвечнай мары дарагой

Ў касмічным пыле, у агні і дыме

Спаліць жыццё над цёплаю зямлёй.


1958-1960?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].-Мн.: Маст. літ., 1987.-431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан