epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Трасцянец

Суайчыннік, стань!

Тут знішчалі людзей.

Суайчыннік!

Запомні навек:

Тры гады па сто трыццаць сем у дзень,

І ў гадзіну — па шэсць чалавек.

Гэта значыць, што кожныя дзесяць хвілін

Тут навекі чарнеў небакрай.

Попел сэрцаў нашых ракоча ў зямлі:

Памятай...

Памятай...

Памятай!!

Нам свяціў далёкага шчасця маяк,

Мы любілі свой край залаты...

З нас кожны быў, як маці твая...

Як каханая жонка... Як ты...

Час адной папяросы — і попел густы

Асядаў на бяроз галлё...

І таму не верце спакою, браты,

Пакуль лётае ноч над зямлёй.

Мы — прах. Толькі сэрцы грымяць, як мячы.

Каб цемра не ўпала на край,

Мы згарэлі паходнямі ў лютай начы...

Па-мя-тай!

Па-мя-тай!

Па-мя-тай!!!


1960-1966?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая