epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Туман

Сёння ноччу туман зоры ясныя вымеў,

І прачнулася раніца ў флёрах сівых:

Нават мёртвыя жэрдкі здаюцца жывымі

З-за жамчужных зіхоткіх гірляндаў на іх.

Але ўсё ж праз туманна-дрыжачыя слёзы,

Бы з карцінкі зводнай у тонкіх руках,

Бачны жоўтыя павесмы ніцай бярозы

І чароды на сумных асенніх лугах.

А ў далёкім горадзе зараз таксама

Навісае туман ад спрэчак дурных,

Ад машынных выхлапаў, ад зітханняў,

Ад мільёнаў учынкаў і словаў людскіх.

І праз хмары не можа прабіцца ранне,

І не можа сэрца глядзець на свет...

Як у гэтым сляпым халодным тумане

Адшукаць мне каханай зманлівы след?




Беларуская Палічка: http://knihi.com