epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Ў бездарожжа для тых, каму шчацінь..."

Ў бездарожжа для тых, каму шчацінь,

Дагарае ўначы маё сэрца...

 

Ты дала мне імгненнае шчасце,

Я табе даў за гэта — бяссмерце.

 

І калі ты падзякаю, болем

Азарыла мне прорвы сусвету,

Я сказаў:

«Больш, напэўна, ніколі

Мы на свеце не ўбачымся гэтым.

 

І табе — хай нас людзі рассудзяць —

Я зайздроснай аддзякую доляй:

Ты — ніколі — мяне не забудзеш,

Ты мяне не пабачыш — ніколі.

 

Ў ноч самоты, і ў цемры магілы

Будзе смага адна тваёй доляй:

Ты забыць мяне будзеш не ў сілах,

І са мною... ніколі.

Ніколі.




Беларуская Палічка: http://knihi.com