epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"У векавечнай бацькаўшчыне клёны"

У векавечнай бацькаўшчыне клёны

Нячутна пачынаюць аблятаць

На рыжую траву, на мох зялёны,

На весніцы, на ціхі стаў, на гаць.

Зямля глядзіць азёрамі-вачыма

На ясны свет, што стыне у красе.

Як чыста, бы святло абшары вымыла,

Як ціха — быццам зніклі людзі ўсе.

Адвечная мая! Ў сцюдзёных росах,

Як летась, як мільёны год таму...

Ляцяць на ветры косы рыжай восені,

І кліча лісцяў жоўты сум зіму.

На вуснах стыне горкі смак рабіны,

Цалую іх, халодныя як лёд.

О вы, што будзеце ісці з дзяўчынай

Пад тымі ж клёнамі праз сотню год,

Ці зразумееце, што мы кахалі,

Што зніклі так, як знікнеце і вы,

Што векавечны толькі край, і далеч,

І жоўты ліст на зелені травы,

Што ў векавечнай бацькаўшчыне клёны

Тысячагоддзі будуць аблятаць

На рыжую траву, на мох зялёны,

На весніцы, на ціхі стаў, на гаць,

Што нездарма яны з асінак рудых,

Калі ідзеш увосень па зямлі,

Раняе золата пад ногі людзям,

Каб мы яе любілі й бераглі.


1954-1958?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан