epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

"Ўкруг месяца туманнае гало..."

Ўкруг месяца туманнае гало.

Мароз ступае адубелым садам.

Самотным дрэвам сняцца май і радасць,

А мне — маё забытае святло.

Ты чуеш? Ноччу кожнаю яшчэ,

Самотай зрынута нечалавечай,

Цалую я твой горды лоб і плечы

І светаў сотні ў бездані вачэй.

Цалую рукі — люльку добрых сноў

І да грудзей-сумётаў прыпадаю,

І гіну ў полымі. І паміраю,

Бо згаснула ў снягах даўно яно.

Што мне да тысячы начных свяціл?

Ў дарэмным маранні аб згаслым сонцы

Начным ваўком гляджу ў тваё ваконца,—

Яно — за трыста міль.

Яно — ў былым жыцці.


05.02.1966

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая