epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Вадарод

Бы сарваўся вар’ят утрапёны і злосны:

Прах старых гарадоў дасягае нябёс,

З дзіркай у чэрапе гінуць дваццатыя вёсны,

Плынуць горкія рэкі жаночых слёз,

І над морам, як над жаралом вулкана,

Вырастае грыб і калечыць людзей,

І кунгасы мёртвыя плывуць акіянам

З поўным грузам разбітых людскіх надзей.

Наша маці-зямля, дарагая і светлая,

З дымам фабрык, з дзяцьмі і з мудрасцю слоў

Можа стаць назаўсёды, навекі праз гэта

Проста чорнай труною для ўласных сыноў.

Мог бы ты дараваць нам жыццё і квітненне,

Мог бы шчасцем навек увянчаць народ.

Хто ж зрабіў з цябе сродак зла і знішчэння,

О грымучы, бязлітасны кат-вадарод!

Скарпіёны, што бачаць кальцо агнявое

кусаюць людзей, а потым сябе:

«Здохні! Згінь, чалавек! Хай сонца святое

Не цалуе, не лашчыць, не грэе цябе!»

Ўсім даўно астабрыдла стаяць над абрывам.

Што ж хаваеце, людзі, думкі свае?!

О, калі ж яны прыйдуць, гады алівы,

Што галінамі шар зямны абаўе?

Гэта ж проста, як рэпа: магутнай сілай,

Што дае чалавечай руцэ вадарод,

Растапіць навекі зямны халадзільнік,

Безнадзейнай Грэнландыі мёртвы лёд.

І растаў бы ён, і цёплыя плыні

Спарадзілі б дажджы над светам усім,

І прыйшло б да нас мора, сіняе-сіняе,

З цеплынёю, з прыбоем, з пяском залатым.

Над усёй зямлёю трапічныя зоры,

Адбіваюцца пальмы ў цёплай вадзе.

(Я, напрыклад, ніколі не бачыў мора,

Як мільёны іншых звычайных людзей.)

У паэтаў дрэнных шпурлялі б бананамі,

(Эстэтычнай, ніж яек пратухлых пах),

І раслі б у Оршы маёй мангустаны

І альясы ў туманных лясных Лядáх.

І ад погані чыстая наша планета

Стала б вольнай, прыгожай, шчаслівай навек,

Стала б лепшым брыльянтам кароны сусвету,

Цёплым раем, якога чакаў чалавек.




Беларуская Палічка: http://knihi.com