epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Вясна

Раму з трэскам выняла з акенца

І да сіні праціраеш шкло,

Шэрай пыльнай ваты вераценца

Ветрыкам у кветнік аднясло.

 

Кожны, хто праходзіць, азірнецца,

Хоць спяшаў кудысь, як на пажар,

І ў адказ вясною усміхнецца

Мілы-мілы сінявокі твар.

 

Добра ёй спяваць пад небам сінім,

Добра раму у руках трымаць.

Ў сонечным святле стаіць дзяўчына,

Радасная, як вясна сама.

 

1957 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com