epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Вясна ўвосень

Маленькі Янка цяжка захварэў. Ляжыць увесь чырвоны, нічога не бачыць і не чуе. Нават Аленкі не пазнае. І не ведае яна, чаго дактары ў доме. Чаго мама плача, калі думае, што ніхто не бачыць яе?

А Янку здаецца: шуміць цёмнае мора пад хмарамі. Ад берага адплываюць чорныя караблі, і завозяць яны некуды ў свет усе ягоныя цацкі. Вось салдацікаў павезлі. Ну хай салдацікаў. А нашто яны Мішку забіраюць? Заўтра дзень нараджэння, а Янка з ім нават не пагуляў.

Апошняга павезлі мардастага шчанюка. Той вішчыць - цёмна ў моры.

- Можа, ты хочаш чаго, сынок? - спыталася мама.

- Сонейка, - сказаў Янка. Нават вачэй не расплюшчыў.

Якое там сонейка! Восень. Льюць шэрыя дажджы. На клёнах дурное лісце. Дурное, бо даўно яму трэба ўпасці.

Ніхто не глядзіць на Аленку. Узяла яна плашчык ды выйшла з хаты ў сад. Сонейка шукаць, браціка ратаваць.

У дварэ вецер моршчыць лужыны. Усе птушкі, усе мушкі, усе звяркі пахаваліся. Хто дрыжыць, хто дзесьці сон бачыць.

- Сонейка-Сонейка, выйдзі, - папрасіла Аленка. - Цябе брацік кліча.

- Сплю, - сказала Сонейка з-за хмар. - Мяне кожны ранак птушкі будзяць. А цяпер іх няма. Хто на поўдзень паляцеў, хто ў дупло схаваўся. Нікога я ўжо да вясны не сагрэю.

- Птушкі, звяркі, мушкі, разбудзіце Сонейка!

- Спім. Холадна, - адказалі жабкі з дна ракі, грыбы - з-пад зямлі, вавёркі - з дуплаў.

- Разбудзіце Сонейка, - папрасіла Аленка. - Брацік Сонейка хоча.

- І я хачу, - сказаў з хмызоў Вожык. - Ды што я магу зрабіць?

- Брацікаў шчанюк плача, - сказала дзяўчынка.

- І я плачу, - сказаў мокры Верабей на галінцы. - Мне холадна. А тут яшчэ вунь Чорны Кот да мяне падбіраецца.

- Голасу няма, каб Сонейка будзіць, - сказаў Шчыгол.

- Памажыце браціку, - заплакала Аленка. - Ён вас ніколі не крыўдзіў.

- Не кры-ыўдзіў... - грэбліва сказаў Чорны Кот. - Ён мяне аднойчы за хвост таргануў.

І тут абурыўся Верабей:

- А хто мяне за хвост скубануў? Не ты?..

- Падумаеш, бяда, за хвост яго аднойчы хлопчык таргануў.

- Ён, мабыць, болей не будзе, - сказаў Вожык.

- І праўда, ніколі ён нас не крыўдзіў, - сказаў Шчыгол.

- Ён і мне ўзімку сала за акно вешаў, - ціўкнула Сінічка - салатная грудка.

- А нам семак сыпаў, - адгукнуліся шчыглы. Вядома, дзе адзін шчыгол, там і дзесяць.

- Не будзем часу марнаваць, - сказаў Заяц з лесу. - Як нам ні холадна, а трэба памагчы чалавеку.

Упаў на зямлю адзін сонечны прамень. Гэта Сонейка зацікавілася: што там за вясенні канцэрт?

І пайшло. Вылезлі з твані і выплылі з вады вясёлыя жабяняткі. Нясмела крумкнулі. Сонейка і на іх зірнула.

- Сонейка-Сонейка, - Папрасіла Аленка, - Глянь на браціка ў акенца.

Сонейку што, яно і туды зірнула. Заблішчалі шыбы.

Апенькі вылезлі з пня - зірнуць. Слімак высунуў з хаткі рагатую галаву. А Сонейка заззяла ўжо ў лужыне. І апошняя чапля, і бусел, перад тым як ляцець у Афрыку, лавілі на дне лужыны чырвонае Сонейка.

І пайшло па доме шэсце. Вожык нёс на іголках залатое кляновае лісце. Снегіры неслі ў дзюбах пукі празрыстай чырвонай каліны. Грыбы на палянцы высыпалі ў кола. Гулялі ў пацягушкі-разрывушкі. Чорны Кот стаў танцаваць на задніх лапах. Ён быў на гэта вялікі мастак, бо быў вучоны.

А на ўсё гэта глядзеў з хмызнякоў алень. А ў яго на рагах сядзелі птушкі і таксама глядзелі.

Разгаралася Сонейка. І спяшаліся з падарункамі да Янкі госці. Хто прынёс моркву? Заяц. Хто вясёлыя бурбалкі? Рыбкі. Прынесла вавёрка арэхаў горку. А клюшню прынёс рак... Вось так.

І сталі ўсе яны разам з Сонейкам глядзець у акно.

- Жыў-жыў! - крыкнуў узрадаваны Верабей.

І тады Аленка пакланілася ім. Заплакала. З радасці.

Сказалі зайцы: мы вас бегаць навучым. Рыбы: плаваць навучым. Бабры: ныраць навучым. Грыбы: расці навучым... Вось так.

І ўсе, разам з Сонейкам, сказалі: разумнымі быць навучым. За дабрыню да ўсіх.

Зайшла Аленка ў хату.

- Не грукай дзвярамі, - сказала мама. - Янка заснуў. І Сонейка, бачыш, выглянула. Цяпер усё-ўсё будзе добра.

Аленка сама ведала, што ўсё цяпер будзе добра. І няхай зноў зойдзе Сонейка,зноў змоўкнуць птушкі, зацярушаць дажджы, затрашчаць маразы. Няхай. Да самай вясны яна не дасць прапасці тым, хто дапамог браціку.

А Янка-брацік спаў. І плылі да яго пад Сонейкам, вярталіся светлыя караблі. Везлі назад цацкі. Везлі вясёлага Мішку, з якім ён будзе гуляць у дзень нараджэння. І ведалі ўсе, што яшчэ сто дзён нараджэння будзе ў хлопчыка ў жыцці. І радасна вішчаў мардасценькі шчанюк, якога спусцілі з карабля. Пусцілі ў пакой.

І Аленка ведала, што нікому ніколі, нават калі будзе сівой бабуляй, яна не раскажа, хто ў той асенні дзень вярнуў на хвіліну Вясну і Сонейка.

 


31.07.1980

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая