epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Верабей, сава і птушыны суд

Ну вось, давай мы з табой сядзем ды паслухаем, што было калісь. Гэта расказаў мне дзед. А майму дзеду - ягоны дзед. А таму дзеду - яшчэ ягоны дзед. А дзеду дзеда нашага дзеда расказалі іншыя разумныя людзі. Так што ўсё гэта праўда.

У тыя даўнія часы птушкі жылі такой самай дзяржавай, як і людзі. Ад дзяржавы той засталася толькі памяць, бо нішто не вечнае на свеце. Але некалі яна была. Былі там свае птушыныя аркестры, свае школы, свае птушыныя суды. А цяпер, сёння, усё птаства толькі слаба-слаба помніць пра тыя часы.

І жыў у той дзяржаве такі сабе шэры верабей. Як і цяпер, шукаў зернейкі, цвыркаў летам і мерзнуў зімою. І быў такі самы нахабны, як і зараз. Толькі што ў тыя часы ён не скакаў адразу абедзвюма ножкамі, а хадзіў, як людзі. Адной лапкай - другой лапкай. Левай - правай. Левай - правай. Раз - два. Раз - два.

Хадзіў сабе і спяваў:

 

Я - вясёлы верабей,

Я - арол-верабей,

Вельмі смелы верабей,

Верабей,

Верабей,

Вера-

Вера-

бей!

 

Вельмі добры верабей!

І трэба было здарыцца, што гэты верабей правініўся. І правіна тая была - глупства. Але і зараз некаторыя птушкі за яе плоцяцца.

Проста была вясна. Цёпла. Зелена. Паветра салодкае. І вырашыў верабей не ляцець дадому на крылах, як ашалелы, а прайсціся, пагуляць. І нанесла тут на яго слаўную сямейку. Сітавак. Тых, што хвастамі трасуць. Ідуць перад ім па алеі і хвастамі махаюць. Ну, тата і мама-сітаўка не так махалі. Затое маладая сітаўка трэсла хвастом за траіх. А які прыстойны верабей гэта вытрымае?! Спытайце ў кожнага вераб'я. Ніякі.

Вось і наш верабей не вытрымаў. Размахнуўся крыльцамі і ляпнуў сітаўку па хвасце. Пагарачыўся.

Сітаўкі шкодныя былі. Ім падставіць другому ножку было, як табе яблык з'есці. Пайшла скарга арлу. Слова за слова - сабраўся птушыны суд. Вадзяны бугай - суддзя, удод - пракурор, шчыгол - адвакат, чыжык і чачотка - прысяжныя. Кепскі быў выбар, бо чыжык хацеў з чачоткаю ажаніцца і думаў пра ўсё, як яна.

 

Шчыгол яму раду радзіў,

Нелукаву, просту:

«Бяры сабе чачотачку,

Яна твайго росту».

 

А чачотка была ўсёй душой за сітаўку, бо і тая і другая былі аднаго поля ягады.

І вырашыў птушыны суд, што трэба злавіць вераб'я і за гэткае ягонае свавольства прыкладна пакараць.

Спалохаўся верабей і ўцёк. А ўсё птаства - за ім. Як хмараю, неба закрылі.

Бачыць верабей, што не ўцячэш. Угледзеў дупло і шмыгнуў у яго. Сядзіць, нібы ў крэпасці.

Пачалі птушкі ў дупло лезці.

Але верабей быў хітры. Выбраў такое дупло, што дзверы былі якраз на яго зроблены. Ні большыя, ні меншыя. Малая птушка палезе, то ён з ёю лёгка справіцца і выкіне. А большая аніяк не пралезе. Хіба што адну дзюбу прасуне.

Валтузіліся-валтузіліся птушкі. Бачаць, сілаю вераб'я ў ягоным замку не возьмеш. Значыць, трэба браць крэпасць зморам.

Паселі вакол і чакаюць. Захоча верабей есці і піць - сам вылезе.

Чакалі-чакалі. Аж тут пачала падаць на зямлю ноч. Захад гасне. У лесе ўсё шэрае робіцца. Пасля цямнее. А птушкам уначы належыць спаць. У цёплым гняздзе, як табе ў цёплым ложку. Галаву пад крыло, як ты ў падушку. Ды і свішчы сабе дзюбай, як ты носам.

Вочы ў птушак зліпаюцца. Пазяхаюць птушкі. Але як пойдзеш спаць, то верабей уцячэ.

- Трэба вартавога паставіць, - дадумаўся ўрэшце коршак.

- Каго? - працывікала сінічка.

- Хто ўначы не спіць, - заліўся шчыгол.

- Ляляка. Ляляка. Казадоя. Казадоя, - зашчабяталі ўсе.

- Н-ну-у, н-ну-у, - прагудзеў вадзяны бугай. - Ма-лы, малы! Са-ву! Са-ву!

І тут усе вырашылі, што лепей за саву нікога не знойдзеш. Уначы не спіць - раз. Ноччу лепей, чым днём бачыць - два.

А сава ў той час была зусім без пер'яў. Голая, як абскубаная курка. Жоўтая. Худая. Выгляд сараматны і гнюсны. Кепска ёй было жыць. Удзень горача, а ўначы холадна.

І таму сава абурылася.

- Не буду я вартаваць, - сказала сава. - Мала, што я ўначы не сплю і добра бачу. Усе птушкі ў пер'ях, ды яшчэ ў цёплым спаць будуць. А я, сірата, адна сярод усіх, голая, як палец, ды яшчэ і вартуй. Холадна. Не буду.

- Ну паслужы адзін раз грамадзе, - сказаў удод.

- Не буду я дбаць пра грамаду, - забубніла сава. - Яна пра мяне не дбае.

- Дык што ж рабіць? - спытаў коршак.

- А вось што, - сказала сава. - Калі хочаце, каб я ў вартаўніках хадзіла, то пашыйце мне кажух.

- Як? - спытаў шчыгол. - Што нам авечак ісці лупіць?

- Птушыны кажух. Скіньцеся кожны па перку і аддайце мне.

Узрадаваліся птушкі. Адно перка - глупства. З аднаго перка не абяднееш і не ўзбагацееш. Аддай яго ды ідзі спаць.

Скінуліся па адным пяры і зрабілі саве дзівоснае футра. А паколькі ў кожнай птушкі свой колер, то апярэнне ў савы з таго часу рознакаляровае. Ёсць пер'і жоўтыя, ёсць бурыя, ёсць рыжыя і шэрыя, белыя і чорныя.

Разляцелася птаства спаць. Села сава перад дуплом. Вартуе. Не спіць. Глядзіць на ўсе вочы. А ў лесе хораша. Месяц вялізны. Усё, нібы ўдзень, відаць.

Выгляне верабей з дупла - сядзіць сава, брыда гэткая. Гараць савіныя вочы, як дзве залатыя поўні. Яму ўжо і есці хочацца, вераб'ю. Высуне галаву - пільнуе сава, гнюснасць такая. Аж плача верабей.

Тым часам днець пачало. А совы ўдзень нічога не бачаць, спяць. Пачала сава кляваць дзюбай. Пачалі ў яе вочы зліпацца, нібы хто іх мёдам намазаў.

А птушкі заспалі. Такая ў лесе раса халодная. Так цёпла ў гняздзе. Ну, яшчэ хвіліну паспім. Ну, яшчэ другую.

Выглянуў верабей - спіць сава. Дзень на дварэ, ды яшчэ з непрывычкі размарыла яе ў цёплым кажусе. Верабей чакаць не стаў. Выбраўся з дупла і давай лататы.

Толькі праз гадзіну дабудзіліся птушкі савы.Глянулі ў дупло,а вераб'ём там даўно і не пахне.

- Ах ён, нахаба! Ах ён, басурман, бессаромныя вочы! Ну і ты, сава, добрая! Не падпільнавала, так? А нашто мы тады па перку скідаліся?!

- А вы чаго праспалі? - спытала сава.

- Добра, яшчэ пагаворым, - закрычалі птушкі. - У пагоню! Хапаць вераб'я!

Ганяліся яны за вераб'ём цэлы год і неяк усё ж злавілі. Хацелі спачатку пакараць яго тым, што звязаць яму крылы. Але потым раздумалі. Прападзе верабей. І калі чалавечы суд павінен трымацца за чалавечнасць, то птушыны павінен трымацца за птушынасць. Таму звязалі вераб'ю не крылы, а ногі.

І стаў з таго часу верабей скакаць адразу дзвюма ножкамі. А саве ўсе птушкі да гэтага часу аніяк не могуць дараваць, што яна праспала. Надта ўжо сваіх пер'яў шкада.

І вось варта саве раніцай не дабрацца да дупла і заснуць недзе пад ялінай ці кустом, - тут усе птушкі навальваюцца на яе цэлай хмарай, скубуць ды крычаць:

- Аддай маё пер'е! Ад-дай маё пер-р-р'е!

Не верыш - спытай у старых людзей, у паляўнічых, якія гэта на свае вочы шмат разоў бачылі.

І хаця сава і суцяшае сябе, што арол і сокал яе не чапаюць, а скубуць яе, бязвінную, адны вароны, сарокі ды пахучыя ўдоды - дрэннае гэта, па-мойму, суцяшэнне.

Дробязь тая - самае гэта нікуды не вартае на свеце. Лепей ужо з арлом схапіцца, абы толькі розная жамяра ды малеча цябе не шчыкалі і не скублі.

...Адзін толькі верабей, нават і цяпер, жыве і не шманае. Ну, ногі скруцілі. Падумаеш, бяда вялікая. Скача сабе на абедзвюх адразу ды заліваецца:

 

Я - вясёлы верабей,

Я - арол-верабей,

Вельмі смелы верабей.

Верабей,

Верабей,

Вера-

Вера-

бей!

 


21.12.1973

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая