epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Вераб'ёва цешча

Ва ўдовінага вераб'я цешча памерла ад злосці. Спачатку ён быў узрадаваўся, што не будзе каму яго поедам есці, а потым адумаўся. Якая б ні была, а ўсё-такі цешча. І вырашыў ён цешчы багатыя памінкі справіць. Сабраліся ў яго на акне за налічнікам іншыя вераб'і, елі смачных чырвоных рабакоў і розных казюль, пілі бярозавы квас і мёд з жалудовай шкарлупы. Упіліся моцна і пачалі біцца і песні спяваць.

А тут котка, лёгкая на ўспамін, села ля налічніка, жоўтымі вачыма блішчыць, не выпускае нікога. Ды з п'яных вачэй і не пабачыў ніхто. Кажа верабей:

- Эх, і надвор'е, месяц ззяе, цёпла... Каб быў госцем - даўно б дадому пайшоў. Высунуўся адзін легкадумны маладзенькі верабейчык - і назад, ледзь жывую душу ўратаваў.

А гаспадар куражыцца: «Ды што, ды я яе». Да таго расхрабрыўся, што выскачыў з гняздзечка куляю і паляцеў на котку навальніцаю.

- Ах ты, даўбня, каб ты счарнела, як галавешка. Прэч!

Вераб'і ўсе адзін на аднаго падобны...

Котка ад гэтага націску разгубілася, пачала адступаць, а потым пытае:

- Ты, часам, не цешча тутэйшаму вераб'ю?

- Так, - кажа верабей, а сам ужо прахалануў і дрыжыць, як ліст.

- Ох, не зайздрошчу я яму.

Ды ад страху як скочыць у дзядоўнік. Госці пайшлі, а верабей замысліўся.

- Хто зараз за мяне з маім мяккім характарам з суседзямі, з ворагамі, з начальствам лаяцца будзе. Няма ў мяне цешчы, няма абаронцы.

І заплакаў.

І цешча іншы раз карыснай бывае.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com