epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Вершы не дапамаглі

Вецер кнігу на акне чытае;

Скучыў і старонкі стаў лічыць.

Верш засыпаў бэзам адквітаючым,

Што стаіць у сінім гарлачы.

Бы сказаў: «Куды ты, братка, лезеш

Са сваім каханнем і тугой?

Іх не параўнаць з цвіценнем бэзу,

З кветкамі вільготнымі яго».

І каханая на падваконні,

Сціснуўшы сукенку паміж пят,

З-пад прасвечанай глядзіць далоні

На нясмелы лёт галубянят.

 

[1968 г. ?]


1968?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан