epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Віно армянскай гісторыі

Раздан, Арташат, Аўрэшат. Што б ні ўзяць.

Сотню назваў любых абяры між іх.

Але ўсе.

Ўсе

армянскія віны гарчаць,

Як гарчыць гісторыя іх.

 

Можаш тысячы кніг геніяльных стварыць,

Збудаваць Гарні, Гегард, Кармір-Блур...

Ды зірні і ўважай:

над Масісам крывавы ятаган,

Над Масісам месяц — крывавы ятаган.

Над народам, які палюбіў і люблю.

 

Хай бы ўсім пражыць, хай бы ўсім дажыць

Без пакут,

без хлусні,

без ран...

П’ю віно, а яно, халера, гарчыць,

Як стагоддзі жыцця армян.

 

І каштую, і — ўсё ж — без ахвоты п’ю,—

Як душу прадаю сатане —

І душу народа ў ім пазнаю,

А іншай — не трэба мне.

 

Божа мой! Я пеклу б душу аддаў

І здохнуў ахвотна, як нейчы там сын,

Каб аднойчы ў жыцці толькі «горка!» крычаў

На вяселлі дачкі армянін.

 

П’ю.

Гарчыць. І думаю я пра сябе:

О Арменія гор, што крывавяць ад ран!

Хай бы горка ўжо мне...

Хай не горка табе,

Маці мільёнаў забітых армян!

 

Хай раней за дабро памірае гнюсь,

Хай сонца жыве, хай гіне туман...

Бо як без Беларусаў мая Беларусь,

Так Арменія без Армян.

 

Добры божа! Гарчыць! Вось відаць і дно.

(Дзе я? Ў пекле? У раі? Дзе?)...

Зразумееш не зразу армян віно,

Як душу карабахскіх людзей.

 

Горыч вінаў Аременіі... і Беларусь...

Ну каму па плячы вас здушыць?..

Можа — горкія — мы й не да смаку камусь,

Але нам — узаемна — мы па душы.

 

21 лістапада 1981 г.

12.25. Паўн. м.




Беларуская Палічка: http://knihi.com