epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Ворыва на валах

Я гэта бачыў сам, хоць адышло:

Ў апошні, можа, раз на белым свеце

Ішлі быкі і ворыва плыло,

А зверху — хмары, чырвань, сінь і вецер...

 

Ідуць па ўзгорках, круглых і цяжкіх,

За імі йльсняныя ў адвалах межы...

Як старажытныя князі, быкі

Маю радзіму на кавалкі рэжуць.

 

З нябачнае лагчыны йдуць яны

Да сонца, ветру, хмараў і разлогаў,

На ўзгорак, велічны, як шар зямны,

Бы два паўмесяцы ўсплываюць рогі.

 

Заплюшчу вочы — і перада мной

Два цені йдуць пад крумкачынай зграяй,

І рэжуць свет парожнаю бранёй,

І капыты —

бы край мой напіраюць.

 

Бялкі ў крыві, а капыты — ў гразі.

І ўсё здаецца мне: нарогам-зброяй

Быкі, як старажытныя князі,

Маю радзіму на кавалкі крояць.

 

Ў смяротны час — няхай прайшлі гады —

Ў маё апошняе сальюцца слова,

І сэрца раздзяруць на дзве паловы

Аблокаў барва, сінь, трывожны дым,

Радзімы твар, і горды, і суровы.




Беларуская Палічка: http://knihi.com