epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Воўк

Сáмцы сціснула пасткаю лапу.

Пахла дымам далёкіх стрэх.

Воўк кусаў акрываўленай зяпай

Сталь халодную, мерзлы снег.

Толькі ранкам яе пакінуў

І кружыў сярод бліжніх лоз

Адзінокі, як месяц над нівамі,

У траскучы гэты мароз.

Людзі ўдзень прыйшлі да адрынутай

І яе, заўважыўшы след,

Як жывую прынаду пакінулі

Ў дзень апошні глядзець на свет.

І ўвесь дзень мільгацеў за аблогай,

Дзе спляліся хмызы, як паркан,

Цень вялізнага, цень сівога,

Цень самотнага ў свеце ваўка.

Калі ж ноч сняжком лебядзіным

Закурыла на стужкі дарог,

Ён прыйшоў з бяспечнай лагчыны

І на снег поруч з ёю лёг.

Занурыўшыся, думаў сурова,

Быццам спаў,— ды спакойна так,—

Толькі ціха ўздрыгвалі бровы

Жаўтаплямыя, бы ў сабак.

Поруч з ёй, яшчэ не памёршай,

Ён прыпомніў леташні снег,

Сіні месяц, сустрэчу першую

У руі той шалёны бег.

Што ж дарэмна выць і бадзяцца?

Калі людзі са зброяй прыйшлі,

Ён не мог, не жадаў падняцца

І пакінуць яе на зямлі.

Ён глядзеў не змаргнуўшы ў рулю,

Ён маўчаў, не дыхаў, не соп,

Узяўшы гарачую кулю

У шырокі пукаты лоб.

 

[1957 г. ?]


1952-1954?; 1957?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан