epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Караткевіч

Вуліца Касманаўтаў

У горадзе без тралейбусаў,

над імклівай нямоўчнай ракой,

На вуліцы Касманаўтаў — хата маці маёй,

На вуліцы Касманаўтаў, дзе ўлетку бубняць чмялі,

На самай мне любай вуліцы з усіх,

што ёсць на зямлі...

Пасталі дамы ў пажары каралавых арабін —

Шаснаццаць аднапавярховых і двухпавярховы адзін.

А поруч з імі узносяцца над стромай садоў залатых

Велічны гмах піўзавода і дом Грамады глухіх.

Хто там смяецца з’едліва? Лепей няхай маўчыць!

Па гэтым па цёплым пыле я вуды нёс на плячы.

Тут маці мая ля брамы, як выплыве месяца рог,

Чакае нястомнага сына з далёкіх-далёкіх дарог...

Асенняй імжой безнадзейнай і вясной,

калі гоняць кароў,

Адзіная з тысяч вуліц, ты — святло маё і любоў.

Нідзе ў сусвеце не стрэнеш стрэх і кветак такіх,

Тут гусі такія паважныя, бы з Марса вывезлі іх,

І нідзе не песціў на свеце ніякі вішнёвы сад

Такіх немаўлят крыклівых і такіх пяшчотных дзяўчат.

Дзяўчат, што ўсю ноч да світання купальскай добрай

парой

Спяваюць зорныя песні пра вярбу над ціхай вадой.

Спявайце, дзяўчаты, спявайце, каб адпачыць салаўю,

Пра сон і вільготныя веі, пра апошнюю страту маю...

Нябачны нікому на свеце, стаю і слухаю вас,

Каб сэрца не сумавала ў чорны паўночны час...

Вуліца Касманаўтаў збягае ў лагчыну з гары.

Вытокі яе — у горадзе, вусце яе — ў Дняпры.

Направа — дамы і краны, і шызы з комінаў дым,

Налева — Дняпро і абрывы, і аблокі над гэтым усім.

Цяпер жа, далёка за поўнач, як згаслі агеньчыкі ўсе,

Над ёй беларускае неба ў сваёй адвечнай красе;

Зменліва ззяе Капэла, сінее віно ў Каўшах,

Шлях Чумацкі віхурыцца пылам, срэбны Батыеў Шлях.

Спявайце, дзяўчаты, спявайце — крылаты чакае лёс:

З вуліцы Касманаўтаў на срэбны гасцінец нябёс.

Дзякуй за адпачынак. Сад зацвіў недарма,

Я іду адсюль. Я спяшаюся. Дарозе канца няма.

І недзе далёка свеціць, як забыты цёплы маяк,

Вуліца Касманаўтаў —

пустая калыска мая.

 

1962 г.


1960-1961?

Тэкст падаецца паводле выдання: Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. Т. 1. Вершы, паэмы / [Аўт. прадм. В.Быкаў].- Мн.: Маст. літ., 1987.- 431 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан